Грамадскія перавозкі ў Беларусі — адная з асноваў той «сацыяльнай дзяржавы», пра якую кажа прэзідэнт.

Дзяржаўныя перавозчыкі існуюць ва ўмовах, прывабных для кліента — кошты на пераезд у нас хіба не найніжэйшыя ў Еўропе, але самі аўтапаркі нават прыбытку не могуць мець: іх паспяховаць вымяраецца ў працэнтах кампенсацыі выдаткаў, у здольнасці мінімізаваць выдаткі бюджэту на іх работу.

І вось у гэтым лідар у краіне — Баранавіцкі аўтапарк.

У горадзе з насельніцтвам пад 180 тысяч чалавек аўтапарк кампенсуе, бывае, і па 92% выдаткаў на месяц. Кіроўцы тут могуць зарабляць і больш, чым славутыя $500 — і гэта ў раённым цэнтры.

У горадзе маршруткі маюць толькі 1% ад рынку перавозак — так наладжаны трафік дзяржаўных аўтобусаў, што прыватнікі не могуць прыцягнуць кліентаў.

Дык у чым сакрэт поспеху Баранавічаў?

«Наша Ніва» пагутарыла з менеджарамі аўтапарка. «Уся справа ў эфектыўным кіраванні, а эфектыўнае кіраванне сёння — гэта не толькі чалавек, гэта ў вялікай ступені і электронныя тэхналогіі», — даводзяць тыя..

«Вы пытаеце, у чым сакрэт поспеху? — кажа намеснік дырэктара Сяргей Палій. — Работа аўтапарка шматбаковая, трэба ўсачыць за перавозкамі па горадзе, прыгарадзе, за станам тэхнікі, за кіроўцамі, кантралёрамі, турыстамі… Што тут казаць. Працаёмка было ўсё гэта «весці», пакуль мы не задаліся мэтай аўтаматызаваць кантроль — закупілі сабе праграму «Мегаплан».

«Мегаплан» — гэта своеасаблівы сімбіёз штодзённіка і сацыяльнай сеткі ўнутры асобна ўзятага калектыву.

Праграма дазваляе ставіць задачы падначаленым, сачыць за выкананнем, а тым — справаздачыцца. «Кіраўнік краіны патрабуе, каб мы ўкаранялі новыя тэхналогіі. І мы пайшлі па гэтай дарозе. Вось я стаўлю задачу сваім рабочым, — дэманструе магчымасці праграмы Сяргей Палій. — У яго ў гэты момант выскоквае паведамленне на рабочым камп'ютары, і прыходзіць ліст на тэлефон. Там адразу я магу прапісаць, што мне трэба, калі трэба, тэрмін выканання. Ход работы я бачу ў жывым эфіры, можна сказаць. Ведаеце, як у кіраўніка галава забітая, а тут прыходзіш, комп уключаеш — адразу бачыш усё, што даручаў. Бачыш, хто філоніць, а хто не».

Даводзіцца прасіць намесніка дырэктара спыніцца, але той працягвае.

«Не можам нацешыцца. Наколькі я ведаю, толькі мы пакуль такім карыстаемся. Тут усё, разумееце? Нейкія ўнутраныя нарматыўныя акты выйшлі — тут уся база! Трэба нараду сабраць? Адзначыў патрэбных людзей, пазначыў час, месца — усе сабраліся. Не трэба званіць нікому, не трэба нікога пасылаць. Калі ў кагосьці не выходзіць — не трэба ўсіх абзвоньваць пра перанос. Часу ашчаджаецца процьма. У нас увесь інжынерны склад на праграме гэтай, кіраўнікі… 66 чалавек агулам. Гэта мы прыкінулі — на аднаго чалавека выдаткавалі па 50 рублёў, а выхлапу шматкроць».

«Дакументы таксама карэктуюцца ў праграме — не трэба цяпер бегаць па кабінетах, каб узгадніць нейкі акт ці задачу, не трэба ў трубку крычаць начальніку якога цэха — у яго там усё грыміць, шуміць — лепш ён сам усё прачытае. Уся сістэма забеспячэння, турыстычныя маршруты, замовы, рахункі — усё знаходзіцца на ўліку ў «Мегаплане», — кажа Палій.

Але тое — не адзіныя наватарствы. Так, нават прапускная сістэма ў Баранавіцкім аўтапарку электронная — можна ўбачыць, хто калі сышоў з работы і калі на яе прыйшоў.

Свае планы кіроўцы таксама даўно не бачаць на паперы — у зале аўтапарка ёсць адмысловае табло, куды кіроўца прыкладвае свой чып, а на экран выводзяцца ўсе ягоныя паказчыкі.

А праблемы ў аўтапарка тыповыя — не надта ахвочыя да аплаты праезду пасажыры.

«Некаторыя думаюць так: гэта нас аўтобусы павінны вазіць, а не мы плаціць. А павінен быць парытэт. Таму мы і тут лепшыя па краіне — у нас ахоп маршрутаў кантралёрамі — 35%. Можаце самі спытаць у гараджан, ці не баяцца яны цяпер ездзіць зайцамі», — жартуюць у аўтапарку і раяць сваім калегам з іншым гарадоў пераймаць баранавіцкі досвед.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0