Сёння ў абедзенны час жыхары вуліцы Мазурава ў Гомелі назіралі эфектны вадзяны слуп вышынёй з дзевяціпавярховы дом. Доўжылася водная феерыя прыкладна каля чатырох хвілін. Tut.by даведаўся, што здарылася.

Як высветлілася, гомельскія гарадскія цепласеткі праводзілі планавыя гідраўлічныя выпрабаванні на трываласць і шчыльнасць цепласеткі павышаным ціскам. Робіцца гэта, каб вызначыць так званыя слабыя месцы.

«Такія парывы падчас выпрабаванняў — нармальная з'ява, звычайна іх дзясяткі. Але не ўсе такія эфектныя, — паведамілі на прадпрыемстве. Ніхто падчас форс-мажору не пацярпеў. Вада перад тым, як павышаць ціск у трубах, паводле інструкцыі, папярэдне астуджаецца да 40 градусаў.

Цяпер спецыяльная камісія з работнікаў Гомельскіх цеплавых сетак абыходзіць жыхароў кватэр, у якія магла праз адкрытыя вокны патрапіць вада, высвятляе інфармацыю пра страты. Дарэчы, усе выпадкі будуць страхавымі.