11 праваабарончых арганізацый выступілі з заявай, у якой патрабуюць ад беларускіх уладаў спыніць крымінальны перасьлед кіраўнікоў прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

У сувязі з утрыманьнем Ігара Комліка ў ізаляцыі праваабаронцы лічаць яго палітвязьнем і патрабуюць неадкладнага вызваленьня.

Паводле праваабаронцаў, распачатая супраць прафсаюзных лідэраў крымінальная справа палітычна матываваная, зьвязаная з актыўнай прафсаюзнай дзейнасьцю і мірным ажыцьцяўленьнем права на свабоду асацыяцыяў.

«Адначасова патрабуем ад уладаў Беларусі спыніць ціск на незалежны прафсаюзны рух і заклікаем адмовіцца ад неправамернага ўмяшаньня ў ягоную дзейнасьць. Заклікаем беларускую грамадзкасьць і міжнародную супольнасьць ужыць усе магчымыя сродкі палітычнага і прававога ціску на ўрад Беларусі ў мэтах вызваленьня Ігара Комліка», — гаворыцца ў заяве.

2 жніўня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — «ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры» — быў затрыманы старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч. Пазьней яго адпусьцілі. Артыкул, які інкрымінуецца Генадзю Фядынічу, прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.

Крымінальная справа таксама ўзбуджаная супраць галоўнага бухгальтара прафсаюзу РЭП Ігара Комліка. Супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю правялі ператрусы дома ў Ігара Комліка, Генадзя Фядыніча і былой рэдактаркі прафсаюзнага сайту Натальлі Пічужкінай, а таксама ў офісе прафсаюзу РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюзу ў Салігорску. Канфіскаваныя кампутарная тэхніка і фінансавыя дакумэнты.

Праваабаронцы адзначылі, што аналягічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненьні да старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага.

«Крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўнікоў прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка мы адназначна ўспрымаем як атаку на незалежны прафсаюзны рух, зьвязаную зь іх грамадзкай актыўнасьцю і імкненьнем уладаў запалохаць арганізацыі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі», — адзначаюць аўтары заявы.

Прафсаюз РЭП сабраў больш за 45 тысяч подпісаў супраць дэкрэту «пра дармаедаў» і актыўна ўдзельнічаў у «Маршах недармаедаў». Прававыя інспэктары прафсаюзу аказвалі прававую дапамогу грамадзянам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?