Жан-Крыстаф Боні узгадвае, што «амаль дваццаць гадоў ішоў да прафесіі футуролага, калі яшчэ і прафесіі такой не было». З 1999 года ён працуе спецыялістам па перспектыўным планаванні і аналітыкам у вобласці ўплыву новых тэхналогій на людзей.

Пра «разумныя» дамы: жыллё будзе ўзаемадзейнічаць з чалавекам

Праз 20-30 гадоў дамы перастануць быць пасіўнымі ў адносінах да нас. Мы цяпер сядзім у пакоі, і ён ніяк на нас не рэагуе. Каб уключыць святло, трэба кудысьці ткнуць. Калі мне будзе горача, я проста буду аблівацца потам. На працягу 20 гадоў гэта зменіцца.

Пакой будзе ўзаемадзейнічаць з намі, разумець: ага, тэмпература занадта высокая, гэтаму хлопцу горача, а яшчэ ён у дрэнным настроі. Значыць, хопіць награваць паветра, што яшчэ і добрая эканомія. «І вось табе расслабляльная музыка», — вырашае машына і ўключае ваш любімы плэйліст.

Пра «разумную» вопратку: джынсы навучацца падганяць памер

Ужо ёсць праекты, накшталт Jacquard ад Google, то бок адзенне з зашытымі датчыкамі і электронікай. Ты можаш кантраляваць яе і сачыць за паказчыкамі праз смартфон.

У будучыні вопратка будзе адпавядаць нашым патрэбам і рэагаваць на навакольнае асяроддзе.

Калі я збіраўся ў Маскву, у Парыжы было 35 градусаў цяпла. Тут вечарам было ўсяго пяць, і я змерз. У будучыні адзенне прыстасуецца пад мяне: сагрэе, калі холадна, будзе прахалодным, калі горача. Праблема памераў таксама знікне. Мара для дзяўчат: нават калі вы страцілі некалькі кілаграмаў, джынсы будуць якраз.

Пра беспілотныя аўтамабілі: праз 15 гадоў вытворчасць звычайных машын знізіцца на 85%

Беспілотнікі ўжо на вуліцах. Машыны ад Google ездзяць без кіроўцы ўжо сем гадоў, хай і па дарогах Каліфорніі. У беспілотных аўтамабіляў ёсць пяць узроўняў і апошні — гэта поўная аўтаномнасць. Мы прыйдзем да гэтага праз 15 гадоў. Праз 15 гадоў вытворчасць звычайных аўтамабіляў знізіцца на 85%.

Паступова становіцца глупствам валодаць машынай. Бо вы выкарыстоўваеце яе ўсяго на 7%. Сем! Кожную хвіліну ваш аўтамабіль, які каштаваў тысячы рублёў, губляе грошы. Рэвалюцыя велізарная, і наступствы адпаведныя.

Я бываў у шматлікіх краінах, і не бачу нічога дрэннага ў беспілотных аўтамабілях. Зірніце на Сінгапур: яны працуюць над тым, каб замяніць усе таксі беспілотнікамі. Праблема не ў тэхналогіі, а ў тым, што мы зробім, каб людзі не страцілі працу. Таму што праз беспілотнікі знікнуць не толькі кіроўцы, але і пілоты самалётаў, машыністы цягнікоў.

Пра беспілотныя дроны і самалёты: дастаўка стане прасцей

Пакуль беспілотнікі часцей выкарыстоўваюць для ваенных дзеянняў. Але ў будучыні яны дакладна зменяць некаторыя рынкі, адзін з іх — дастаўка. Так званая «дастаўка апошняга кіламетра». Amazon, «Яндэкс» ўжо спрабуюць гэтую тэхналогію.

Amazon ужо спрабуе дастаўку з дапамогай квадрокоптараў. Фота: Amazon

Amazon ужо спрабуе дастаўку з дапамогай квадрокоптараў. Фота: Amazon

Пра небяспеку тэхналогій: горшыя сцэнары могуць спраўдзіцца

У адным з эпізодаў серыяла «Чорнае люстэрка» была дзяўчына, жыццё якой залежала ад рэйтынгу ў сацсетцы. Uber робіць тое ж самае. Ад рэйтынгу залежыць, ці атрымаеце вы доступ да паслуг.

Каб адбыліся ўсе самыя горшыя сцэнары, трэба толькі час і ўдзел некалькіх не самых лепшых людзей. Варыянты развіцця падзей перад намі. Яшчэ ёсць час, каб рабіць нешта незвычайнае.

Таму я імкнуся мяняць мысленне людзей, каб змяніць свет. Грошы і бізнэс — гэта не самае важнае, трэба даць людзям адукацыю і шанец развівацца. Google стварае кампаніі, каб змагацца са смяротнымі хваробамі. Гэта не пра бізнес, гэта для людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0