У апошнія гады, калі падарожжы па Еўропе сталі больш даступнымі для беларусаў, нашы грамадзяне рэдка падарожнічаюць па Расіі. А калі і робяць гэта, то амаль не выязджаюць далей за Маскву і Пецярбург. Зараз прасцей і зручней зрабіць візу і з’ездзіць у Вільню ці Варшаву, чым пераадольваць тысячы кіламетраў, каб пабачыць Саранск ці Іжэўск.
Між іншым, Расія — вялікая краіна, і ў ёй адбываюцца цікавыя працэсы. Асабліва гэта тычыцца нацыянальных рэспублік, дзе рускія не з’яўляюцца карэнным насельніцтвам. Для большасці такіх суб’ектаў Расіі характэрны імклівая русіфікацыя і страта нацыянальнай ідэнтычнасці. У гэтых рэспубліках карэннае насельніцтва стала нацыянальнай меншасцю, а нацыянальныя мовы знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
Але ёсць і выключэнні. У каўказскіх рэспубліках нацыянальныя мовы пачуваюцца добра. Гэта тлумачыцца ў першую чаргу высокай нараджальнасцю сярод каўказскіх народаў, а таксама масавым сыходам рускага насельніцтва з гэтых зямель у 1990-я. Адносна добра з нацыянальнай мовай і ў Татарстане. Татары — другі па колькасці народ у Расіі з доўгімі традыцыямі і высокімі амбіцыямі, а Татарстан — адзін з самых багатых і развітых рэгіёнаў краіны.

Ёсць яшчэ адна рэспубліка ў Расіі, якая мужна і стойка супрацьстаіць русіфікацыі, — Чувашыя. Яна не такая багатая, як Татарстан. У пераважна праваслаўнай Чувашыі няма такой высокай нараджальнасці, як у мусульманскіх рэспубліках Паўночнага Каўказа. Тым не менш, у гэтай маленькай рэспубліцы з насельніцтвам 1,23 мільёна чалавек дзяржаўныя радыё і тэлебачанне вяшчаюць пераважна на чувашскай мове, кіраўнік рэспублікі ў гутарцы з грамадзянамі выкарыстоўвае родную мову, а на чувашскую прадублявана шмат кінастужак, і фільмы з чувашскім перакладам паказвае мясцовае тэлебачанне. Нават у савецкія часы штогадовыя наклады чувашскай літаратуры былі супастаўныя з накладамі беларускай літаратуры. І гэта пры тым, што Чувашыя па плошчы прыкладна, як палова Мінскай вобласці.
У чым сакрэт чувашскага поспеху, як гэтая прыволжская рэспубліка супрацьстаіць русіфікацыі, з якімі праблемамі яна сутыкаецца? Гэтыя пытанні «Наша Ніва» абмеркавала з папулярызатарам чувашскай мовы і кіраўніком грамадскай арганізацыі «Таварыства нацыянальна-культурнага адраджэння Ирӗклӗх (Свабода)» Дзмітрыем Сцяпанавым.

— Дзмітрый, на першы погляд, у Чувашыі ўсё добра з чувашскай мовай, асабліва калі параўноўваць вас з суседнімі рэспублікамі. У чым ваш сакрэт?
— У пэўнай ступені нам проста пашанцавала. Ад самага пачатку доля тытульнай чувашскай нацыі ад агульнай колькасці насельніцтва была высокай. Нават зараз каля 70% насельніцтва нашай рэспублікі — чувашы. Тут у нас сітуацыя нават лепшая, чым у Татарстане, які любяць заўсёды ставіць у прыклад. Палова насельніцтва Татарстана — рускія, якія лічаць сваёй роднай мовай рускую. У нас усё ж доля карэннай нацыі вышэйшая.
Яшчэ адзін важны фактар — шчыльнасць насельніцтва. Тут мы займаем першыя пазіцыі ў Расіі пасля Масквы, Пецярбурга і некаторых каўказскіх рэспублік.
Калі казаць пра нашых суседзяў, то найгоршая моўная сітуацыя ў фіна-ўгорскіх рэспубліках: Удмуртыі, Марый Эл, Мардовіі. Чувашы, як і татары з башкірамі, — цюркамоўныя народы, і сітуацыя ў нашых рэспубліках не такая трывожная. А вось фіна-ўгорскія народы, на жаль, маюць меншы ўзровень нацыянальнай самасвядомасці і імкліва русіфікуюцца. На сённяшні дзень яны сталі этнічнай меншасцю ў сябе на радзіме і паступова знікаюць.
Таксама ад іншых рэспублік Расіі нас адрознівае тое, што да сталінскіх рэпрэсій мы мелі ў Чувашыі сваю нацыянальную інтэлігенцыю, і амаль усе мясцовыя чыноўнікі былі чувашамі.
— Як адчувае сябе чувашская мова ў сферы адукацыі і ў медыя?
— Чувашская мова выкладаецца як дзяржаўная мова ва ўсіх адукацыйных установах: ад дзіцячага садка да ВНУ. Але выкладанне іншых прадметаў на чувашскай мове ёсць толькі ў першых чатырох класах, і гэта сур’ёзная праблема. Як казаў адзін з чувашскіх класікаў Метры Юман, без вышэйшай адукацыі на чувашскай мове нацыя асуджана на знікненне.
Што тычыцца нацыянальных СМІ, то тут сітуацыя адрозніваецца ў лепшы бок. Сёлета пасля нашага звароту ў Чувашыі з’явілася ўласнае спадарожнікавае тэлебачанне на нацыянальнай мове. Гэта асабліва пазітыўны зрух з улікам таго, што палова чувашскай нацыі жыве за межамі рэспублікі. Мы можам глядзець чувашскія кліпы, чувашскія фільмы, класіку сусветнага кіно і блокбастары апошніх дзесяцігоддзяў у перакладзе на чувашскую мову, кшталту «Тэрмінатар» ці «Адзін дома». Перакладаецца на чувашскую мову нават савецкая кінакласіка, напрыклад «А зори здесь тіхіе» ці «Москва слезам не веріт». Усе гэтыя фільмы, з чувашскім перакладам, рэгулярна транслюе нацыянальнае тэлебачанне.

— Напэўна, чувашы маюць нейкі досвед уласнай дзяржаўнасці?
— Так. Чувашы з’яўляюцца спадкаемцамі волжскіх булгар. І на нашых землях існавала моцная дзяржава — Волжская Булгарыя. Наступным этапам нашай дзяржаўнасці было Казанскае ханства. Гэта агульная гістарычная спадчына чувашскага і татарскага народаў.
Наша грамадская арганізацыя «Ирӗклӗх» («Свабода») кожны кастрычнік удзельнічае ў Дні памяці і жалобы, які адбываецца ў Казані, дзе мы ўзгадваем ахвяр агрэсіі Рускага царства ў 1552 годзе, калі войскі Івана Жахлівага ўзялі Казань і знішчылі амаль усіх яе жыхароў.

— У якіх мерапрыемствах вы яшчэ ўдзельнічаеце?
— У нас вялікая колькасць самых розных акцый і мерапрыемстваў па папулярызацыі чувашскай мовы і нацыянальнай самасвядомасці.
Напрыклад, мы робім спецыяльныя налепкі «Тут размаўляюць па-чувашску» і прапаноўваем іх уладальнікам устаноў сферы абслугоўвання.

Таксама мы робім інфармацыйныя налепкі, такія як «Выхаду няма», «Не курыць!», «Вядзецца відэаназіранне» і гэтак далей. На наш погляд, чувашская мова мусіць быць у публічнай прасторы паўсюль. Для сацыяльных сетак мы робім чувашскія стыкеры.
На нацыянальныя і дзяржаўныя святы мы раздаём стужкі, ладзім свята чувашскіх дзяржаўных сімвалаў.

Таксама мы займаемся маніторынгам выканання моўнага заканадаўства. На жаль, фактаў парушэння шмат. Мы не панікуем, а фіксуем усе факты і звяртаемся ў праваахоўныя органы. У рамках маніторынгу выканання моўнага заканадаўства мы дасягнулі пэўных поспехаў: чувашская мова з’явілася ў грамадскім транспарце, Чэбаксарскім (Шупашкар па-чувашску) аэрапорце, на ўсіх турыстычных шыльдах.
У вёсцы Акрамава мы ладзілі экалагічна-патрыятычную акцыю: садзілі дубы побач з помнікам чувашскім ваярам, якія загінулі ў барацьбе з расійскім імперскім прыгнётам.
Уздымае «Ирӗклӗх» і палітычныя пытанні. Раней ва ўсіх расійскіх рэспубліках быў свой «прэзідэнт». Але ва ўсіх рэспубліках, акрамя Татарстана, інстытут прэзідэнцтва быў скасаваны. Замест «прэзідэнта» ў нас цяпер «глава» («кіраўнік»). Таксама з нашай чувашскай Канстытуцыі прыбралі слова «дзяржава». Гэта мае вялікае значэнне для дзяржаўнага будаўніцтва, таму мы выступаем за вяртанне інстытута прэзідэнцтва і вяртанне слова «дзяржава» ў нашу Канстытуцыю.
Таксама мы дабіваемся ўвядзення спецыяльнага чувашскага ўкладыша ў расійскі пашпарт. Зараз такія ўкладышы ёсць толькі ў жыхароў Татарстана.
— Як вы думаеце, імклівая русіфікацыя расійскіх рэспублік — гэта аб’ектыўны працэс, выкліканы эканамічнымі і сацыяльнымі прычынамі, ці русіфікацыя з’яўляецца мэтанакіраванай палітыкай Масквы?
— Па-першае, палітыка русіфікацыі ёсць. Масква будуе адзіную дружную нацыю «расіян», асаблівы «русскій мір», насаджае агрэсіўны ваяўнічы патрыятызм.
Па-другое, нельга адмаўляць і наяўнасці эканамічных прычын. Але, на мой погляд, гэтая эканамічная прычына, дакладней, залежнасць ад Масквы, ствараецца штучна.

— Як мясцовыя ўлады ставяцца да вашай дзейнасці?
— Не так даўно мы накіравалі звароты ўсім кіраўнікам органаў выканаўчай улады (міністрам і кіраўнікам раёнаў) з пытаннем: ці падтрымліваеце вы тое, каб замацаваць у Канстытуцыі абавязковасць валодання чувашскай мовай чыноўнікамі? Зараз да мяне прыходзяць адказы, дзе чыноўнікі выказваюць сваю згоду. Можна зрабіць выснову, што мясцовыя ўлады нас падтрымліваюць.
Але ўсё роўна ў нас узнікае шмат праблем на ўзроўні міністэрстваў. Там не так проста прасоўваць нашы ініцыятывы.
— А як ставяцца да вас федэральныя маскоўскія ўлады?
— Фактычна ўсе нашыя звароты федэральнай уладай ігнаруюцца. Адна з тых структур, якая нас не ігнаруе, гэта ФСБ. Яны, як і ЦПЭ (Цэнтр процідзеяння экстрэмізму), актыўна цікавяцца нашай дзейнасцю, і з іх боку мы адчуваем пэўны прэсінг. Таму мы амаль не працуем з федэральным цэнтрам. Хутчэй, гэта федэральны цэнтр працуе з намі. На нашых актывістаў ціснуць на вучобе, на працы, шкодзяць ім, спрабуюць маргіналізаваць. Такім людзям потым цяжка знайсці працу і актыўна ўдзельнічаць у публічных мерапрыемствах.
Расійскія ўлады ўважліва ставяцца да пытанняў міжнацыянальных адносін, сепаратызму і экстрэмізму. Сама Расійская Федэрацыя складаецца з гістарычных нацыянальных дзяржаў. Нацыі, якія здольныя стварыць свае дзяржавы ці якія мелі такія дзяржавы ў мінулым, уяўляюць небяспеку для Масквы.
— Вы бачыце магчымасць стварэння незалежнай чувашскай дзяржавы ў перспектыве?
— У 2014 годзе, пасля крымскіх падзей, у Крымінальным кодэксе Расіі з’явіўся артыкул за заклікі да сепаратызму. Але я хацеў бы адзначыць, што адной з мэтаў «Ирĕклĕх» з’яўляецца садзейнічанне поўнай рэалізацыі права чувашскай нацыі на самавызначэнне. Гэта дадзенае Богам права кожнай нацыі. Канечне, права нацыі на самавызначэнне можа ўключаць у сябе і стварэнне ўласнай незалежнай дзяржавы.
На сёння чувашская нацыя скарысталася правам на самавызначэнне, але не ў поўнай меры.
Каментары