Ад бабулінага хутара да месца працы Ганне дабірацца нядоўга, хвілін сем на ровары. Дзяўчына ўжо чатыры гады летам падзарабляе — збірае лекавыя травы на плантацыях у Мядзельскім раёне. TUT.BY пабываў у Нарачанскім краі і даведаўся, як беларуская кампанія вырошчвае травы для гарбаты і лекаў і калі збіраецца з імі ў Еўропу.

Тут і ніжэй фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Тут і ніжэй фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

З гектара — 500 кіло сухіх кветак

— Цяпер масава цвітуць наготкі, стараемся нарыхтаваць. З гектара збіраем 500 кіло сухіх кветак, — галоўны аграном «Беласептыкі» Алег Казак праводзіць экскурсію па незвычайнай вытворчасці.

Суквецці наготкаў збіраюць уручную і зносяць у спецыяльныя камеры. У іх плюс 50, пры такой тэмпературы кветкі будуць сохнуць прыкладна суткі. Потым іх пагрузяць і адправяць у Мінск. У сталіцы частку наготкаў адправяць у гарбату, а частку — у лекавыя настойкі.

Так сушаць кветкі наготкаў.

Так сушаць кветкі наготкаў.

Камеры для сушкі кветак з паліцамі ў некалькі паверхаў. Паветра — цёплае, быццам парное, прасякнутае водарам кветак.

Камеры для сушкі кветак з паліцамі ў некалькі паверхаў. Паветра — цёплае, быццам парное, прасякнутае водарам кветак.

Паступяць так не толькі з наготкамі. Эхінацэя, лапчатка белая, шалфей, зуброўка, крываўнік, мята, ісоп, сардэчнік, валяр'яна, — нават галоўнаму аграному трэба пастарацца, каб пералічыць усе 25 відаў карысных для здароўя зёлак, якія тут растуць.

— Ды ў вас тут сапраўдны беларускі праванс! — гаворым, узіраючыся ў шырокія пасадкі раслін: жоўтых, белых, бэзавых.

— Гэта яшчэ што, вось калі б вы тыдні два-тры таму прыехалі — тады наогул усё цвіло, — усміхаецца галоўны аграном.

Алег Казак, галоўны аграном «Беласептыкі», начальнік участка па вырошчванні лекавай расліннай сыравіны. Мужчына распавядае, што сам любіць травяныя зборы. «Зімой добра, пры прастудзе — сумесь мацярдушкі, мяты, шалфею і наготкаў. Заварыць і піць, пара дзён — і ўсё добра». Але, падумаўшы, галоўны аграном дадае: «Праўда, усе лекавыя расліны трэба ў пэўных дозах ужываць. Яны хоць і лекавыя, але меру трэба ведаць».

Алег Казак, галоўны аграном «Беласептыкі», начальнік участка па вырошчванні лекавай расліннай сыравіны. Мужчына распавядае, што сам любіць травяныя зборы. «Зімой добра, пры прастудзе — сумесь мацярдушкі, мяты, шалфею і наготкаў. Заварыць і піць, пара дзён — і ўсё добра». Але, падумаўшы, галоўны аграном дадае: «Праўда, усе лекавыя расліны трэба ў пэўных дозах ужываць. Яны хоць і лекавыя, але меру трэба ведаць».

Акрамя лекавых траў, «Беласептыка» вырабляе антысептыкі, сродкі для ўборкі, займаецца клінінгам. Але травы — гэта справа, якая захоплівае ўсё больш.

У прадпрыемства — 190 гектараў зямлі ў Нарачанскім краі. Каб дабрацца да ўчастка, што паміж азёрамі Нарач, Мястра і Белае, трэба збочыць з вузкай трасы і ехаць па грунтавай дарозе, праз лес. Побач — не толькі возера, але і Нацпарк «Нарачанскі».

Паміж градамі з лекавымі зёлкамі засеяны яшчэ і тыя, што выкарыстоўваюць як зялёныя ўгнаенні.

— У асноўным на ўгнаенні сеем крыжакветныя. Вось гарчыца — для тых жа мэтаў, — працягвае знаёміць з шырокімі плантацыямі аграном.

Справа ў тым, што ў Нарачанскім рэгіёне ёсць абмежаванні па ўнясенні арганічных угнаенняў у глебу. Для лекавых раслін такая сітуацыя — як раз тое, што трэба.

Сезонная праца для пенсіянераў і студэнтаў

Працуюць на травяных плантацыях у асноўным сезонныя рабочыя.

— Справа працаёмкая, — тлумачыць Алег Казак. — Шмат ручной працы. Барацьба з пустазеллем — уручную, таксама без прымянення пестыцыдаў. Ну і самі травы розныя па складанасці вырошчвання, уборкі. Калі календулу збіраеш — кожную кветку трэба ўручную сарваць, без ножкі, суквецце толькі.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY

Сёння працоўны дзень ужо скончыўся. Работніцы, відаць, ужо пераапрануліся і ў альтанцы чакаюць, калі іх развязуць па хатах. Па чарзе прадстаўляюцца: Ганна Анатольеўна, Анастасія Сяргееўна, Соф'я Пятроўна, Антаніна Вікенцьеўна, усе з Мядзела.

Адна з жанчын распавядае, што прыязджае сюды з Мядзела ўжо шосты сезон. Пенсіянерка калісьці даведалася пра гектары лекавых траў на біржы працы.

— Кажу: пайду і ў кароўнік, хоць бы што рабіць, толькі б дома не сядзець! А дарагі начальнік прыехаў, Казіміравіч, — жанчына ківае на агранома. — І гаварыт: «Няўжо вы хочаце туды, у кароўнік, а да мяне не хочаце?». Я гавару: «Куды, ў лес? А можа, я там што ня ўмею рабіць!». «Вы што, палоць, садзіць, убіраць не ўмееце?». Як жа не ўмею? З трох гадоў сяджу ў гэтым балоце! Вязець сюды мяне, а тут яшчэ дзве бабкі, і я — трэцяя. Красата.

Жанчына запэўнівае: праца добрая. Яшчэ адна працаўніца, Соф'я Пятроўна, тлумачыць, чаму:

— Вядома, у нас у Мядзеле няма іншых работ, каб уладкавацца вось так. Для пенсіянераў гэта магчымасць падпрацаваць, фінансавае становішча падправіць. Другая справа — тут мы камунікуем, многія з нас тут адзіночкі ужо.

Працоўны дзень доўжыцца прыкладна з паловы дзявятай да паловы шостай. Стаўка ў дзень — 15 рублёў.

Ганне — 18 гадоў, яна з Мінска, але прыязджае да бабулі на лета і ўжо чацвёрты год падзарабляе тут.

— Бабулін хутар мы, мясцовыя, называем Пеўнікі — ён недалёка, хвілін сем на ровары ехаць, — распавядае Ганна. — Радая, што ёсць такая падпрацоўка. У мінулыя гады я хадзіла пабольш, а ў гэтым сезоне — толькі жнівень. Але стараюся хадзіць кожны дзень. Дзвесце-трыста рублёў у месяц можна зарабіць.

Куды прадаюць беларускія травы і куды хочуць пастаўляць

У аптэках прадаюцца зборы і настойкі з траў, вырашчаных тут. У апошні час на паліцах крам Мінска можна знайсці гарбату пад брэндамі «Аптэкарскі сад» (збор траў) і «Калі ласка» (у складзе — чорны чай з даданнем лекавых зёлак з Нарачы).

— Чорны і зялены чай — ад наўпростых вытворцаў: з Індыі, Танзаніі, В'етнама. Мы запрашалі з Індыі тэстара, які ўваходзіць у тройку найлепшых тэстараў свету. Ён вучыў, якое павінна быць спалучэнне траў, каб гарбата была карыснай, — распавядае гендырэктар «Беласептыкі» Уладзімір Ходаль.

Наогул, больш за 90% сыравіны, якую кампанія выкарыстоўвае для фітапрадукцыі, сама і вырошчвае.

— Ёсць пазіцыі, якія сёння немагчыма вырасціць ва ўмовах клімату Беларусі. Напрыклад, эўкаліпт. Акрамя як у цяплічных умовах, у нас не расце. Яго мы цалкам закупляем у Казахстане, — распавядаюць тут.

Гендырэктар кампаніі дадае: 10% прадукцыі «Беласептыкі» (а гэта не толькі гарбата, але і медыцынскія антысептыкі) ідзе на экспарт. Пастаўкі ў Расію, Танзанію, Казахстан, Азербайджан. Прадукцыя сертыфікаваная па міжнародных стандартах ISO 9001 і GMP.

— Мы думаем і пра рынкі Еўропы, адназначна, — дадае дырэктар па экспарце Дзмітрый Крохін. — Падрыхтоўка да сертыфікацыі вельмі дарагая, але мы рыхтуемся і ўстаем на гэты складаны шлях легалізацыі ў Еўропе. Як хутка гэта адбудзецца? Год? Паўгода? Спадзяемся, што хутчэй, таму што па сваёй сутнасці прадпрыемства да гэтага гатовае.

Рай для батанікаў і незвычайны куток для турыстаў

Проста каля плантацый з травамі, на гэтым жа ўчастку паміж азёрамі, ужо некалькі гадоў працуе турыстычны комплекс «Аптэкарскі сад».

Сад з вялікай калекцыяй лекавых траў і кветак, у які можа прыехаць на шпацыр любы аматар батанікі, проста турыст, які падарожнічае па Нарачанскім краі. Гэта месца прыдумалі, каб папулярызаваць прымяненне зёлак у медыцынскіх мэтах.

Тут вам растлумачаць, чым карысныя зверабой, сардэчнік і валяр'яна. Кажуць, што ёсць экскурсія, якая пачынаецца з саду, а заканчваецца на вытворчай тэрыторыі — там людзі могуць прыняць удзел у сушцы, зборы, драбненні раслін. Час экскурсій не абмежаваны, хадзі хоць увесь дзень.

Цікавая гэта прастора і прафесіяналам. Ужо трэці год сюды прыязджаюць фітатэрапеўты з Беларусі і краін СНД, каб замацаваць сваю практыку на кафедры фітатэрапіі БелМАПА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0