Зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты ў выпадку зняцця сваёй кандыдатуры перад днём галасавання будуць вымушаныя вярнуць дзяржаве грошы, якія даюцца на выраб агітацыйнай друкаванай прадукцыі. Нагадаем, гэта — 1 мільён 750 тысяч рублёў.
Аднак у кандыдатаў ёсць магчымасці грошы не вяртаць.
Вось што кажа пра адну такую магчымасць сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік:
«Калі палітычная прычына, байкот — гэта не паважная прычына. А вось па хваробе альбо ў выпадку нечаканага выезду за межы рэспублікі — паважная. У кожным канкрэтным выпадку гэта трэба разглядаць індывідуальна».
Апазіцыйны кандыдат, які вырашыць байкатаваць выбары і не хоча браць грошы на друкаванне ўлётак, каб іх пасля не вяртаць дзяржаве, можа бясплатна скарыстацца выступамі па тэлебачанні і радыё.
Мікалай Лазавік: «Калі нехта хоча павыступаць, пакрасавацца, а пасля сыйсці, калі ён не возьме грошы на агітацыйную друкаваную прадукцыю, гэта яму аплачваць не трэба».