Гала‑канцэрт грамадска‑культурнай акцыі «Мы — беларусы!» адбудзецца 7 верасня ў Маскве, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Алег Галкін.

Выступленне беларускіх артыстаў пройдзе на адкрытай пляцоўцы на Цвярской вуліцы. У Дзень Масквы жыхары расійскай сталіцы і яе госці змогуць пачуць вядомыя хіты «Песняроў», Аляксандра Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай. Свае песні прадставяць і Пётр Ялфімаў, Ірына Дарафеева, Ганна Шаркунова, а таксама любімцы публікі, якія пакарылі і сэрцы еўрапейскіх гледачоў, Ксенія Сітнік, Аляксей Жыгалковіч і Андрэй Кунец.

У праграме канцэрта — выступленне Заслужнага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнага ансамбля танца, харэаграфічнага ансамбля «Ві‑за‑ві». Перад канцэртам беларускія госці ўскладуць кветкі да помніка Янкі Купалы на Кутузаўскім праспекце. Міністэрства культуры Беларусі выступіла арганізатарам гэтага свята беларускай песні ў расійскай сталіцы. Асвятляць яго будуць Белтэлерадыёкампанія і іншыя сродкі масавай інфармацыі краіны.

Крыху больш як праз месяц — 12 кастрычніка — беларуская творчая дэлегацыя накіруецца ў Кіеў.
Там у галоўным канцэртным зале краіны «Украіна» пройдзе яшчэ адзін гала‑канцэрт акцыі «Мы — беларусы!».

Плануецца, што ў Вільнюсе ў кастрычніку выступіць Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета Беларусі. Літоўскія гледачы з нецярпеннем чакаюць сустрэчы з сусветным брэндам, якім з’яўляецца беларускі балет.

Мерапрыемствы акцыі «Мы — беларусы!» за межамі рэспублікі з пачатку года прайшлі ў Санкт‑Пецярбургу, Рызе, Вільнюсе, Гданьску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?