Урад Вялікабрытаніі абверг інфармацыю аб тым, што Лондан гатовы выплаціць Бруселю 40 мільярдаў еўра кампенсацыі за выхад з Еўрасаюза. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй, піша DW. «Што тычыцца гэтай лічбы — мы яе не прызнаем», — заявіў прадстаўнік Мэй.

Раней, 5 жніўня, газета The Sunday Telegraph са спасылкай на крыніцы ў брытанскіх урадавых колах паведаміла, што Вялікабрытанія ў рамках працэдуры Brexit гатовая выплаціць да 40 млрд. еўра для пакрыцця сваіх абавязацельстваў перад ЕС.

У канцы ліпеня Лондану і Бруселю не ўдалося дасягнуць прагрэсу ў ходзе першага раунда перамоў па Brexit. Як паведамляла The Sunday Telegraph са спасылкай на чыноўніка ў брытанскім урадзе, Брусель настойвае на 60 млрд еўра, тады як для Лондана прымальная сума — бліжэй да 30 млрд.

Між тым брытанцы ўсё менш вераць у поспех перамоўнай стратэгіі ўрада па выхадзе з ЕС. Згодна з вынікамі апытання грамадскай думкі, апублікаваных сацыялагічным інстытутам ORB 7 жніўня, 61% брытанцаў не згодныя з тым, як Тэрэза Мэй праводзіць перамовы. Для параўнання: у ліпені незадаволенасць дзеяннямі Мэй па Brexit выказвалі 56%, а ў чэрвені — 46% апытаных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?