Тая самая цішотка.

Тая самая цішотка.

5 жніўня на сталічным стадыёне «Трактар» быў «Хмяльноў-фэст».

Уся праграмма фестывалю мяне не цікавіла, а вось паслухаць выступ гурта «Крамбамбуля» мне хацелася. Наколькі мне было вядома, гурт павінен быў пачаць выступ у 18:00. На стадыён я прыехаў каля 17:45. Падыходжу да «пункту надгляду», дзе амапаўцы даглядаюць людзей і іх рэчы. Спачатку усё было як заўсёды: «Дастаньце ўсё з кішэняў і праходзьце праз рамку», але пасля таго, як я прайшоў праз рамку, амапавец уставіўся на надпіс на маёй цішотцы і маўчыць (на цішотцы напісана «Свабоду марозіву»). Я пытаюся: «Можна праходзіць?»

Не падымаючы галавы, ён кажа: «Не».

Пытаецца: «Што такое марозіва?»

Я кажу: «Мороженое».

Ён: «Это на каком языке?»

Я: «На беларускам».

Потым кажа, каб я вытрас усе рэчы з заплечніка, я ўсё дастаў, нічога забароненага ў мяне не было (ключы, тэлефон, грабеньчык і г.д.).

Зноў маўчыць.

Я пытаюся: «Можна праходзіць?»

Адказвае: «Не, ты ж не кажаш».

Я: «Сказаў жа, што «мороженое».

Ён: «Мороженое? Иди в магазин за мороженым».

У гэты момант жаданне праходзіць на фэст у мяне ўжо адпала, і я быў цалкам гатовы ехаць дадому і займацца сваімі справамі.

Потым амапавец трохі адышоў, а я стаю і не ведаю, у які бок мне рухацца, мне паказваюць на мужыка, які стаіць трохі далей каля кустоў у звычайнай цішотцы, без формы.

Ён спытаў у мяне пра цішотку, я яму адказваю, што на радыё «Свабода» падарылі, яшчэ былі з дажынкамі і хакеістамі. Ён адказвае нармальным адэкватным голасам: «Свабоду дажынкам? Аа, прыкольна».

У гэты час амапавец, адышоўшы на 2—3 крокі, размаўляе па рацыі: «Слыш, а как марозіва переводится? Мороженое, говорит. Так пропускаем или нет? Я тоже думаю, что нет».

Вяртаецца да нас, гэты мужык у цывільным (я так зразумеў, нейкі іх галоўны) кажа: «Ладна, бачу нармальны ты хлопец, піва піць любіш, не буду рабіць табе западло. Давай майку выверні шыварат-навыварат і праходзь, каб ніхто не падумаў, што ты тут акцыі будзеш рабіць».

Стоячы адразу каля яго, я вывернуў майку і пайшоў да сцэны.

Дзякуй гэтаму адэкватнаму мужыку, што ўсё ж такі дазволіў мне прайсці ўнутар, але настрой канешне, быў сапсаваны.

У выніку я падумаў, што калі б на цішотцы было напісана па-ангельску «Freedom for ice cream» ці «kiss my a**», то яны б і ўвагі не звярнулі, а вось слова «Свабода» іх зачапіла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?