У размове з журналістам «Нашай Нівы» генерал Мікалай Чаргінец, які ўзначальвае праўладны Саюз пісьменнікаў, сказаў, што ў Мінску ўжо магла б быць вуліца Быкава, «калі б не асобныя правакатары», у лік якіх генерал уключыў Уладзіміра Някляева.

«Мы, Саюз пісьменнікаў, уносім прапановы па ўмацаванні мовы. Указальнікі вуліц і населеных пунктаў па-беларуску, гэта ўсё ад нас, — сказаў Чаргінец. — Назваць вуліцу ў гонар Быкава? Мы даўно на гэтым стаім. Скажу больш, прэзідэнт падтрымаў гэтую прапанову. Ён даў дабро стварыць у гродненскім і мінскіх музеях асобныя аддзелы. І каб не правакатары — у тым ліку Някляеў — вуліца даўно б была. А Някляеў пранюхаў пра нашую прапанову і адразу вылучыў палітычны лозунг, што ён б'ецца за вуліцу Быкава. Мы з прэзідэнтам гаварылі пра гэта. Ён тады толькі скрывіўся і кажа: «Бачыш, стварыў сабе імідж змагара за вуліцу Быкава. Ну як цяпер яму насустрач пойдзеш?». Вось так. А вуліца будзе! І помнік будзе. Мы пакуль трошкі нязгодныя з аўтарам праекта, дзе Быкаў сядзіць за сталом у выглядзе зоркі — не можа быць такога. Усё ж, Быкаў не тое каб кляў Савецкі Саюз — дзе добра, ён казаў «добра», дзе кепска — «кепска». Але так нельга. І прэзідэнт не супраць вуліц Быкава, кажу вам». 

Чытайце: «Лукашэнка скрывіўся і сказаў, што нельга ісці правакатару насустрач»: Чаргінец пра тое, чаму ў Мінску яшчэ няма вуліцы Быкава

Уладзімір Някляеў адказаў на словы старшыні Саюза пісьменнікаў.

«У 2010 годзе, калі я вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, актывісты кампаніі «Гавары праўду», якую я ў той час ачольваў, сабралі больш за сто тысяч подпісаў за тое, каб надаць імя Васіля Быкава вуліцам у Гродне і Мінску, — напісаў ён журналісту «Нашай Нівы». — Між іншым, нашы актывісты прапаноўвалі паставіць свой подпіс за вуліцу лейтэнанта Быкава генералу Чаргінцу. Ён не падпісаўся, спаслаўшыся на тое, што Някляеў займаецца палітыкай, а ён, Чаргінец, — літаратурай».

«Занёсшы падпісныя лісты ў Мінгарвыканкам, я сустрэўся з тагачасным старшынёй Мінскага гарадскога савета, які амаль пакляўся, што волю ста тысяч грамадзянаў мінскія ўлады не праігнаруюць: вуліца Быкава ў Мінску будзе! Каб схіліць да такога рашэння дэпутатаў гарсавета, амаль з кожным з іх я размаўляў паасобку — і ніхто (ні адзін чалавек) не быў супраць. Усе абяцалі, што пытанне гэтае будзе вырашанае ў бліжэйшым часе, але на Мінгарвыканкам цыкнулі з адміністрацыі Лукашэнкі — і прапанова пра наданне імя Быкава адной з вуліц Мінска нават не была ўключаная ў парадак дня сесіі гарсавета… Я паспрабаваў яшчэ раз паўплываць на кіраўніцтва горада, на дэпутатаў, але гэта былі ўжо іншыя людзі: «Уладзімір Пракопавіч, вы ж разумееце…», — выказаўся Някляеў.

«Вось на што скрывіўся Лукашэнка. На волю ста тысяч грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Што да «асобных аддзелаў» Васіля Быкава ў мінскіх музеях, на якія Лукашэнка (па словах Чаргінца) нібыта «даў дабро», дык увогуле не зразумела, пра што размова? Ірына Міхайлаўна Быкава, удава пісьменніка, перадала ва ўласнасць дзяржавы быкаўскае лецішча ў Ждановічах. За дом, за ўчастак на Мінскім моры яна не папрасіла (хоць жыве, мякка кажучы, не багата) ні капейкі, спадзяючыся, што дзяржава створыць там прыстойны музей. Калі Чаргінец хоча паглядець, што там створана, няхай пад’едзе, шлях не далёкі…».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?