Легендарны поп‑ідал Майкл Джэксан, адзін з самых камэрцыйна пасьпяховых артыстаў у гісторыі музыкі, адзначае ў пятніцу сваё 50‑годзьдзе.

Кароль музыкі, як яго прынята называць, праславіўся ня толькі музычнымі й калямузычнымі дасягненьнямі — ад рэкордных продажаў дыскаў, яскравых шоў і выдатнай харэаграфіі да «месяцовай паходкі» й яркіх відэакліпаў, — але і цэлым шэрагам скандалаў.

Усяго два тыдні таму шосты дзясятак гадоў разьмяняла ня менш легендарная поп‑зорка — Мадона. Але калі яна працягвае выпускаць новыя песьні й шоў‑праграмы, то Джэксан у апошнія гады фактычна жыве пустэльнікам.

Сцэнічная кар’ера Майкла Джэксана, сёмага дзіцяці ў сям’і, пачалася ў гурце Jackson 5, дзе ён сьпяваў разам з сваімі братамі.

З 1971 году Джэксан пачаў выступаць сольна. Ягоныя альбомы Thriller (1982), Bad (1987) і HIStory (1995) ўвайшлі ў лік самых прадаваных у сьвеце. Thriller разышоўся накладам каля 65 мільёнаў, а Bad — больш як 30 мільёнаў.


Брытанская газэта Daily Mail выра­шы­ла да юбі­лею Джэк­сана з да­па­мо­гай най­ноў­шых кам­пу­тар­ных тэх­на­лё­гій уявіць, якім бы сёнь­ня было абліч­ча поп-зоркі без пляс­тыч­ных апэрацый.

Джэксану ставяць у заслугу тое, што ён падняў відэакліпы на новы мастацкі ўзровень. Клясыкай гэтага жанру сталі ягоныя відэафільмы на песьні Billie Jean, Thriller, Black or White, Remember the Time, Scream.

Апроч таго, Джэксан паказаў сябе даволі пасьпяховым бізнэсоўцам, калі купіў каталёг песьняў «Beatles» за 47,5 мільёнаў даляраў.

Аднак зь сярэдзіны 1990‑х музычная кар’ера Джэксана калі не застопарылася, то адышла на другі плян. А на першы выйшлі абвінавачаньні ў сэксуальным дамагальніцтве да дзяцей (у 2005 годзе суд прызнаў Джэксана невінаватым), эксцэнтрычныя паводзіны сьпевака, пастаянныя зьмены зьнешнасьці й чуткі пра сур’ёзныя праблемы з здароўем.

Сам Джэксан заявіў, што ў яго былі ўсяго дзьве плястычныя апэрацыі.

Джэксан двойчы жаніўся: сьпярша на Лізе Мары Прэсьлі, дачцэ Элвіса Прэсьлі, пасьля на мэдсястры Дэбі Роў, якая нарадзіла яму дваіх дзяцей — хлопчыка і дзяўчынку. Пасьля ў яго зьявілася яшчэ адно дзіцё.

Джэксан ня езьдзіў у гастрольныя туры зь сярэдзіны дзевяностых. Пасьля суду ў 2005 годзе, які цягнуўся пяць месяцаў, зьявіліся чуткі пра фінансавыя цяжкасьці Джэксана — аж да магчымага банкруцтва.

У 1987 годзе сьпявак купіў сабе ранча Neverland, каб зрабіць у ім парк забаваў для дзяцей. Але сёлета яно ледзьве не пайшло з малатка, бо Джэксан завінаваціўся за ягонае ўтрыманьне 24,5 мільёнаў даляраў.

З 2005 году ён жыве за мяжой — у Арабскіх Эміратах, Бахрэйне, Францыі, ірляндзкім замку, паведамляе BBC

Нягледзячы на ўсе чуткі пра хуткае адраджэньне музычнай кар’еры, пакуль ніякіх пацьверджаньняў гэтаму няма. На сайце сьпевака паведамляецца пра юбілейнае выданьне славутага альбому Thriller.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0