Экспанат у Амерыканскім музеі натуральнай гісторыі. Фатаграфія: Daniel Mennerich / flickr.com

Экспанат у Амерыканскім музеі натуральнай гісторыі. Фатаграфія: Daniel Mennerich / flickr.com

Парэшткі дыназаўра першым выявіў пастух Аўрэліё Эрнандэс на патагонскім ранча Ла Флеха ў 2012 годзе. Гаспадар ранча паклікаў туды палеантолагаў, і праз 18 месяцаў яны дасталі з зямлі ўсе косткі — як аказалася, шасці асобін. Знаходка так уразіла навукоўцаў Нацыянальнага даследчага савета (Аргенціна), што яны аддалі адзін шкілет Амерыканскаму музею натуральнай гісторыі, дзе ён быў выстаўлены ў 2016 годзе, калі новы від нават яшчэ не атрымаў назвы. Толькі цяпер яго назвалі Patagotitan mayorum — у гонар Патагоніі, грэчаскіх тытанаў і сямейства гаспадара ранча.

Аналіз костак паказаў, што асобіны загінулі, яшчэ не дасягнуўшы свайго максімальнага росту. Аднак нават тады патагатытаны дасягалі 15 метраў у вышыню і важылі каля 70 тон.

Усе шэсць асобін былі вынятыя з трох геалагічных слаёў: верагодна, справа ў тым, што яны ўсе памерлі каля возера, куды яны і іншыя траваедныя яшчары прыходзілі на вадапой. Магчыма, у перыяды засух возера высыхала, і дыназаўры паміралі ля ягоных берагоў ад смагі. Іх парэшткі прыходзілі есці яшчары-здыхлятнікі, утоптваючы косткі сваіх ахвяр глыбока ў гліну, што і спрыяла іх захаванню.

Параўнанне костак гэтага яшчара і роднасных яму відаў, іншых гіганцкіх тытаназаўраў Патагоніі, паказвае на тое, што яны належалі да адной і той жа групы арганізмаў. Хутчэй за ўсё, такі экстрэмальны гігантызм у ходзе эвалюцыі узнік толькі адзін раз.

Усе каласальныя тытаназаўры жылі толькі ў прамежку 113-83 мільёнаў гадоў таму, на поўдні сучаснай Паўднёвай Амерыкі.

Імаверна, доўгія шыі і хвасты гэтых яшчараў дапамагалі ім вытрымліваць незвычайна гарачую тэмпературу, характэрную для таго перыяду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0