Зламыснікі — хутчэй за ўсё, расейцы — ужо выдалілі ўсе фотаздымкі.
Пра здарэнне паведаміў начальнік аддзела сацыяльнага развіцця рынку Іван Ткачук. Па яго словах, невядомыя ўзламалі пошту, да якой быў прывязаны інстаграм-акаўнт мінскай Камароўкі. У апошні час у акаўнта было 24 тысячы падпісчыкаў.
Цяпер зламыснікі патрабуюць 15 тысяч расійскіх рублёў (трохі менш за $300) за вяртанне акаўнта.
Ткачук ужо звярнуўся ў міліцыю. Па справе праводзяць праверку. Дарэчы, дзеянні выкрадальнікаў інстаграма могуць быць кваліфікаваныя як камп’ютарны сабатаж, паведаміла мінская міліцыя. А гэта — да 10 гадоў пазбаўлення волі.
«Я вось ужо два дні вяду перапіску, заклікаю да высакароднасці, тлумачу, што гэта не камерцыйны, а душэўны праект, спадзяюся, можа, вернуць акаўнт, — распавёў «Нашай Ніве» Іван Ткачук. — Але плаціць не будзем, гэта адназначна».