Дваіх мінчукоў затрымалі за падробку грошай — яны друкавалі новыя 20-рублёвыя купюры.
Характэрна, што гэта першы выпадак у Беларусі падробкі новых банкнот.
Следствам вызначана, што ўзімку гэтага года 28-гадовы мужчына ў сябе на лецішчы наладзіў выраб падробленых грошай наміналам 20 рублёў. У далейшым ён перадаваў такія банкноты свайму 26-гадоваму знаёмаму мінчуку, які набываў на іх розныя дробныя тавары: жуйку, квіткі на транспарт, аплачваў праезд у маршрутных таксі.
Атрыманую рэшту яны дзялілі паміж сабой.
«Пры ператрусе па месцы жыхарства падазраваных канфіскавалі камп'ютарную тэхніку, банкноты наміналам 20 рублёў, прылады для друку, нарыхтоўкі для пячатак з адбіткамі штампаў розных арганізацый, бланкі даведак аб даходах фізічнай асобы.
Экспертыза паказала, што грошы надрукаваныя на каляровым струйным прынтары. Імітацыю ахоўнай стужкі таксама друкавалі, а пасля наносілі фрагменты фальгі на адзін з бакоў банкноты.
Мужчынам прад’явілі абвінавачванне ў вырабе і збыце падробленых грошай, замаху на тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна, а таксама ў падробцы і вырабе падробленых дакументаў і штампаў. Усяго ім інкрымінуецца 26 эпізодаў злачыннай дзейнасці.
Мужчынам пагражае да 15 гадоў.
Справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.