Па звестках аддзела адукацыі Маладзечанскага райвыканкаму, выбраць клас з беларускай мовай навучання ёсць магчымасць у чатырох сярэдніх навучальных установах горада: СШ №№ 1, 5, 9 і гімназіі №10.
Калі ж мы патэлефаналі ў школы, аказалася, што першы клас з беларускай сёлета ёсць толькі ў школе №9.
Як патлумачыла намесніца дырэктаркі школы па вучэбнай рабоце ў пачатковых класах Валянціна Прыпутневіч, гэта клас з мастацкім ухілам, у які бацькі аддалі дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі развіцця. Навучанне на беларускай мове вядзецца толькі таму, што настаўніца шмат гадоў выкладае выключна па-беларуску.
Калісьці, у 1984 г., расказвае Валянціна Прыпутневіч, па ініцыятыве бацькоў у школе ўзьнік першы беларускі клас. У ім было 18 вучняў.
"Гэта быў вельмі моцны клас, які помняць усе, - кажа намесніца дырэктаркі. – 16 з яго вучняў паступілі ў ВНУ. Пасля стварылі два класы, потым – тры. Потым уся школа стала беларускай".
Валянціна Прыпутневіч распавядае, што
ў свой час у беларускія класы ішоў адбор, далёка не кожны мог у іх трапіць. Пазней адбору не стала. А калі тры гады таму ўвялі расейскую мову, ахвотных у беларускія класы не знайшлося.
"Мы б хацелі захаваць беларускую мову, -- кажа намесніца дырэктаркі. – Але ў мяне ўсё часцей узнікае пытанне: а ці патрэбная яна цяпер каму? Галоўную ролю адыгрывае жаданне бацькоў. Калі яны хацелі па-беларуску, было па-беларуску, калі хочуць па-расейску, мы не можам ім адмовіць".
Тая ж сітуацыя і ў іншых школах. Беларуская гімназія № 10 ужо проста гімназія без слова "беларуская".
Намесьніца дырэктаркі па вучэбнай рабоце ў пачатковых клас Галіна Сянкевіч кажа:
"Сёлета ніводны чалавек не выбраў беларускую мову навучання. Разумееце, ніводны!Летась было восем ахвотных. Але, вядома, для васьмі чалавек клас не адкрыеш. Класы набіраюць настаўнікі, якія ўсё жыццё выкладаюць толькі па-беларуску і ведаюць мову дасканала. Але што мы можам зрабіць, калі бацькі кажуць, што інакш пойдуць у іншую школу. Мы таксама не можам губляць добрых вучняў.
Прычыну называюць адну і тую ж: як дзеці будуць пасля паступаць і вучыцца: калі ўсюды ўсё па-расейску".
У пятай школе апошнія беларускія класы былі набраныя сем гадоў таму. У першай – летась. У гэтым годзе ў СШ № 1 імя Янкі Купалы звярнулася трое ахвотных ў беларускі клас.
"Раней мы набіралі па сем такіх класаў з 30 вучнямі ў кожным, -- кажа намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ў пачатковых класах Лідзія Бяляўская. – Але тады час быў іншы".