Пасля правядзення вайсковых вучэнняў «Захад-2017» частка расійскіх вайскоўцаў можа застацца на тэрыторыі Беларусі, заявіў у каментары выданню «Гардон» лідар Беларускага нацыянальнага кангрэса, апазіцыянер Мікалай Статкевіч.

«Нават калі імавернасць пагрозы з боку РФ складае працэнтаў 10, гэта выклікае сур'ёзныя асцярогі. Гэта жахліва высокі працэнт. Бо не выключана, што не ўсе расійскія войскі выйдуць з Беларусі пасля вучэнняў і на тэрыторыі краіны застанецца іх вайсковая база. Яшчэ адзін варыянт — у Беларусі застанецца ўзбраенне, якое расейская групоўка зможа выкарыстоўваць у будучыні. у любым выпадку ёсць імавернасць правакацый. Мы ж ведаем, што ў Расіі прынята вырашаць унутраныя праблемы за кошт дзеянняў у іншых краінах. Тым больш не так шмат часу засталося да выбараў прэзідэнта РФ. Таму мы праяўляем занепакоенасць», — адзначыў Статкевіч.

Паводле яго слоў, сярод беларускіх сілавікоў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін карыстаецца большай папулярнасцю, чым прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

«Рэжым Лукашэнкі жыве цалкам за кошт расійскіх датацый. Таму ўнутры Беларусі ён праводзіць адпаведную інфармацыйную палітыку. Нашы сілавікі выхоўваюцца як філіял расійскай сілавой структуры. Самы папулярны палітык у сілавых структур Беларусі — гэта Пуцін, а не Лукашэнка», — падкрэсліў апазіцыянер.

На яго думку, у выпадку расейскай агрэсіі Беларусі будзе складаней адстаяць сваю тэрытарыяльную цэласнасць, чым Украіне.

«Расійскія тэлеканалы ў Беларусі займаюцца прамываннем мазгоў насельніцтва. І гэта дае свой вынік. Лукашэнка, па сутнасці, у абмен на расійскія датацыі аддаў Маскве ўсё, акрамя фармальных прыкмет суверэнітэту. Нас вельмі смешаць фантазіі ўкраінскіх палітолагаў, якія бачаць у Беларусі нейкі супраціў Расіі з боку Лукашэнкі. Нічога такога няма, гэта проста гандаль за датацыі. Абараніць Беларусь можа толькі яе народ. І нам будзе цяжэй, чым ва Украіне», — рэзюмаваў Статкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0