Кракаў, Варшава, Вільня, Львоў, Кіеў, Менск, Санкт-Пецярбург, Масква, Прага, Парыж — месты, рознымі часамі адзначаныя слядамі прысутнасці Войслава Казімера Сулімы-Савіча-Заблоцкага (да 1850 — пасля 1905). Ягоны збор твораў склаў бы колькі тамоў, стаўшы відомым дакорам рэшце беларускіх пісьменнікаў ХІХ стагоддзя.

Гэта быў адзін з найсупярэчлівейшых і найзагадкавейшых персанажаў айчыннага пісьменства ХІХ стагоддзя,

— геніяльны графаман, паэт, які, паводле собскага прызнаньня, не любіў гуку/літары «а», чалавек з незлічонай моцай выдуманых імёнаў (Obywatel z Białej Rusi, Всеслав Константинович Кривичанин, Граф Сулима, Барон Rozen…), носьбіт надарыгінальнага ідыялекту (прыраўнаць яго можна хіба што да ідыялекту Вацлава Ластоўскага), уладальнік найунікальнейшай бібліятэкі.

Наш граф быў не толькі нацыяналістам, адным з бацькоў крывіцтва, заснавальнікам і «галавой» навукова-культурна-асветнага «Крывіцкага Вязку» (Санкт-Пецярбург, 1868-1870; па выкрыцці арганізацыі ўладамі «галава» мусіў уцякаць за мяжу), а й панславістам.

Вытокі ягонага панславізму трэба шукаць у маладых гадох Войслава. Вобраз паўночна-ўсходняга беларускага краю, яшчэ таго, даўнейшага, старасвецкага, шматаблічнага і шматгалосага, абцяжаны засвоенымі пазней пісаннямі з тэмы розных вучоных мужоў і агульнымі павевамі часу, вызваў урэшце ідэі «замірэння ўсіх з усімі», не зразуметыя блізу што нікім. Гэныя ідэі, пецярбурскія і маскоўскія славянафілы (а яшчэ — нястача) задалі Савічу-Заблоцкаму нямала бедаў.

Шмат дзе пабыўшы-пажыўшы (у Аўстра-Венгрыі, Швейцарыі, Германіі, Францыі, Егіпце…), хворы, абчыпаны даўгамі, ён, мадзеючы ў 1880-я гады ў Парыжы і ў Брусэлі, ён прасіў дазволу вярнуцца на бацькаўшчыну, вярнуўся, «папаў у апеку» славянафілаў, распрадаў свой архіў-кнігазбор, памяняў каталіцкую веру на праваслаўную, канфліктаваў з землякамі, адышоў у цень…

Неспакойны выгнанец-пераходзень, з прымусу і з уласнае волі, умеў многа моў, пісаў на іх, у тым ліку вельмі шмат па-польску, па-беларуску і па-расійску — аб Беларусі.

Палякі, расійцы не засволі ягонае спадчыны. Беларусы таксама. Зрэшты, апошнімі часамі сякія-такія зрухі ёсць: ягоны гістарычны раман «Полацкая шляхта» ў перакладзе Жанны Некрашэвіч-Кароткай сёння можа прачытаць кожны ахвотны, ці то ў адным з тамоў серыі «Залатая калекцыя беларускай літаратуры», ці то ўзяўшы асобнае выданне серыі «Мая беларуская кніга».

Улетку 2013 года, у зборах Аддзелу рукапісаў віленскай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх і Аддзелу рукапісных фондаў і тэксталогіі кіеўскага Інстытуту літаратуры імя Шаўчэнкі, мне пашчасціла выявіць нязнаныя тэксты гэтага пісьменніка ХІХ стагоддзя.

Да ягоных вядомых раней васьмі беларускамоўных твораў дадаліся яшчэ два: міні-паэма «Сон гудара маладога» (1870) і ліст (1886) да вялікага ўкраінскага Каменяра — Івана Франка.

Пра свае знаходкі я паведаміў ва ўкладзеным у суаўтарстве з Юрыем Пацюпам артыкуле, надрукаваным у часопісе «Полымя».

Выявіў - і на тым не супакоіўся: вельмі хацелася знайсці яшчэ што з напісанага Войславам Казімерам па-нашаму. (Сам В.К. сведчыў, што «песняў», як ён называў свае вершы, мае шмат. І збіраецца «пусціць іх у свет» разам з арыгінальным «Трактатам аб беларускай (крывіцкай) мове».) Але колькі ні шукаў — не знайшоў. Траплялася ўсякае рознае іншае, звязанае з пісьменнікам, у тым ліку звесткі пра расійскамоўны ліст (1905) да рэдактара часопіса «Русская мысль» Віктара Гольцава ў Маскве…

Дата маскоўскага ліста, «1905 год», асабліва важная: да нядаўняга часу лічылася, што Суліма-Савіч-Заблоцкі памёр прыблізна ў 1893 годзе (прынамсі пазней ягоныя сляды губляліся). Ажно, як выяўляецца, літаратуразнаўцы заўчасна пахавалі пісьменніка: Войслаў Казімер яшчэ жыў у пачатку ХХ стагоддзя.

Таксама карцела знайсці яго фатаграфічны партрэт: з аднаго з лістоў (1889) Савіча-Заблоцкага да Стафана Гілера, малодшага брата слыннага «чырвонага» Агатона, я ведаў, што граф Суліма (адзін з пісьменнікавых псеўданімаў) абяцаў даслаць у калішскую Апатоўку свой здымак. Толькі ці даслаў?

З апатоўскай Гміннай Публічнай Бібліятэкі імя братоў Гілераў, на свой запыт, ці не захоўваецца ён там, асобна ад эпісталяра і іншых папераў, я атрымаў адмоўны адказ: раілі шукаць фота ў іншых кніжнях і старасховах. Што я старанна і рабіў, пакуль не знайшоў яго, дзе не спадзяваўся: у польскіх лічбавых архівах (змесціва іх штодня расце; расійскія, беларускія архівы тым часам кормяць усіх абяцанкамі), сярод сканаваных матэрыялаў з збораў Юзафа Ігнацыя Крашэўскага ў Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы (Варшава).

Надпіс на адвароце: Z czści najwyższej wyrazem Józefowi Ignacemu Kraszewskiemu przesyła swą fotografię Wojnisław Kazimierz Sawicz-Zabłocki. Rapperswil. 15.IX.79. (З словамі найвышэйшай пашаны Юзафу Ігнацаму Крашэўскаму дасылае свой фотаздымак Вайніслаў Казімер Савіч-Заблоцкі. Раперсвіль. 15.IX.79: [15 верасня 1879 года]).

Надпіс на адвароце: Z czści najwyższej wyrazem Józefowi Ignacemu Kraszewskiemu przesyła swą fotografię Wojnisław Kazimierz Sawicz-Zabłocki. Rapperswil. 15.IX.79. (З словамі найвышэйшай пашаны Юзафу Ігнацаму Крашэўскаму дасылае свой фотаздымак Вайніслаў Казімер Савіч-Заблоцкі. Раперсвіль. 15.IX.79: [15 верасня 1879 года]).

З «візітовага фотаздымка» на нас глядзіць малады чалавек, якому дасі не больш за 25-30 гадоў; адно барада яго крыху застарвае.

Так што разбежнасць у даце нараджэння пісьменніка - 1849-1850 год — можна і праўда разглядаць як разбежнасць у адзін-два гады. Картачка, як дадатак да аднаго з лістоў (15.09.1879), адрасаваных Войславам Казімерам беларуска-польскаму пісьменніку, гісторыку і фалькларысту, надасланая з швейцарскага Раперсвілю на дрэздэнскім бланку. Гледзячы на яе, прыпамінаеш «слоўны аўтапартрэт», «нарысаваны» графам Сулімам Агатону Гілеру: «бландын з шведзкай барадой». «Аўтапартрэт», які зусім не супярэчыць партрэту фатаграфічнаму.

Знойдзены здымак В. К. Сулімы-Савіча-Заблоцкага — сапраўдная падзея для гісторыі нашае літаратуры пазамінулага веку, гэткай беднай на іканаграфічны матэрыял;

гісторыі, што напару́ нагадвае вялізную пракудную кнігу-альбом з вырванымі, пераблытанымі, шмат разоў клеенымі-пераклеенымі, запсаванымі і пустымі старонкамі, выразанымі і зарысаванымі-замаляванымі выявамі.

Вайніслаў Савіч-Заблоцкі
З чужбіны

Здароў будзь ты, стары мой дом,
Здароў будзь, сядзіба айцоў!
Паклон вам, родныя, кругом:
Дзень нашай разлукі прыйшоў
Нядольная доля прыйшла,
Казала з хаты ісці.
Сярдзіта і грозна яна,
Кручынай замшыла нам дні.
Нямнога нам жыцця дано,
І гэта хацела адняць,
Цярнямі парэзаць чало
І сэрца у шпонах падраць.
І гнецца малойчык, і плачаць, слязіць,
Не ўвідзіць юж боле сваіх,
Ў чужбіне галоўку далёка скланіць,
Ўздыхае па нівах радных.
Тут птушка лятала, тут птушка грусціла,
Но тут то яна і ўрасла,
Другая ластаўка птушынку ўстрачала,
І ветачка была свая.
Ніхто не груніў з ёй, ніхто не смяяўся,
Усе былі радныя, сваі…
Цяпер я з табою, айчызна, расстаўся,
І змеі мне сэрца ссалі,
І дума прыгнула, і горка плачу.
Ў гняздзенька зязюля закралась.
Зязюлі я гэтай нядобрай кляну —
Яна нам у знакі юж далась.

Зязюля з Затоку, не руска яна…

О братцы! Як смутна мяне.
Скажыце, прашу вас, ці гэта страна
Ёсць Русь наша Бела, ці не?..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?