Пакуль Аляксандар Лукашэнка падтрымаў дзеяньні Расеі ў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, але спрабуе схавацца за «калектыўным меркаваньнем», прапанаваўшы вынесьці гэтае пытаньне на паседжаньне АДКБ, сэнатар Мікалай Чаргінец ужо ўсё за яго рашыў.

Чаргінец сьцьвярджае, што Беларусь падтрымае ўсякія крокі Расеі, у тым ліку тыя, якія паставяць пад сумнеў суцэльнасьць ня толькі Грузіі, але і Ўкраіны.
Прапаноўваем вам фрагмэнты Чаргінцовага інтэрвію Эўразійскай агенцыі навінаў.

— Мікалай Іванавіч, адно з найгалоўнейшых пытаньняў апошніх дзён — ці прызнае Беларусь незалежнасьць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі?

— Я ня маю сумневаў, што Беларусь дакладна і адназначна падтрымае ўсякія крокі Расейскай Фэдэрацыі, пра што і заявіў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым у Сочы. І мы бачым перад сабой абавязак пачаць працу ў гэтым напрамку з нашымі калегамі ў парлямэнтах краінаў СНД.

— Цяпер абвастраюцца адносіны ня толькі з Грузіяй, але і з Украінай. Асабліва хвалюе праблема Крыму і расейскага насельніцтва. Цяпер украінскае кіраўніцтва хоча пазбавіць Крым статусу аўтаноміі. На ваш погляд, ці можна ставіць пад сумнеў тэрытарыяльную прыналежнасьць Крыму Ўкраіне?

— Я лічу, што можна, таму што была зробленая вельмі буйная юрыдычная памылка пры перадачы тэрыторыі Крыму Ўкраіне. Дзе закон пра перадачу? Дзе рашэньне Вярхоўнага савету СССР? Гэта Хрушчоў вырашыў і аддаў. А закону няма.

— То бок Беларусь можа паставіць пад сумнеў тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны?

— У дадзены момант мы ўсе, сябры адной арганізацыі СНД, стаім на пазыцыі, што Ўкраіна мусіць быць усё-ткі сярод славян, таму выяўляем тактоўнасьць. Але калі б паўстала такое пытаньне, то перадусім пра гэта мусіла б казаць Расея. Бо груба парушылі законы Расейскай Фэдэрацыі пры перадачы гэтай тэрыторыі Ўкраіне.

— Якая будзе пазыцыя Беларусі, калі ў Крыме паўторыцца такі сама сцэнар, як у Паўднёвай Асеціі і Абхазіі?

— Гэта цяжка сказаць, ці будуць такія сцэнары, але ва ўсякім разе Беларусь будзе поруч з Расеяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?