Сусветныя цэны на нафту ў панядзелак працягвалі апускацца на занепакоенасці інвестараў высокім узроўнем здабычы «чорнага золата» краінамі АПЕК, у прыватнасці ў Лівіі, сведчаць звесткі таргоў.

Цана кастрычніцкіх ф'ючарсаў на паўночнаморскую нафтавую сумесь маркі Brent знізілася на 0,69% - да 51,74 даляра за барэль. Кошт вераснёўскіх ф'ючарсаў на нафту маркі WTI таксама памяншалася на 0,55%, да 48,55 даляра за барэль.

Трэйдары занепакоеныя высокім узроўнем здабычы сыравіны краінамі АПЕК. Згодна з жнівеньскім дакладам Міжнароднага энергетычнага агенцтва (МЭА), АПЕК ў ліпені нарасціла здабычу нафты на 230 тысяч барэляў у дзень у параўнанні з чэрвенем - да максімальнага паказчыка 2017 года ў 32,84 мільёна барэляў у суткі. Каля 70% росту здабычы нафты ў краінах АПЕК прыпадае на Лівію і Нігерыю, адзначалася ў дакладзе.

АПЕК і шэраг краін, якія не ўваходзяць у арганізацыю, дамовіліся ў канцы 2016 года ў Вене аб скарачэнні сваёй здабычы нафты сумарна на 1,8 мільёна барэляў у суткі з кастрычніцкага ўзроўню. Пагадненне было заключана на першае паўгоддзе 2017 года, а ў маі падоўжанае яшчэ на дзевяць месяцаў - да канца сакавіка 2018 года. Лівія і Нігерыя пры гэтым вызваленыя ад абавязальніцтваў, паколькі нафтавая прамысловасць гэтых краін моцна пацярпела ад дзейнасці ўзброеных груповак.

«Аднаўленне здабычы ў Лівіі стала самым значным фактарам, які стымуляваў рост сусветнай здабычы ў апошнія некалькі месяцаў», - прыводзіць агенцтва Рэйтэр словы нафтавых аналітыкаў Panmure Gordon. Пры гэтым раней агенцтва Блумберг паведамляла са спасылкай на знаёмую з сітуацыяй крыніцу, што здабыча нафты на найбуйнейшым радовішчы Лівіі Шарара (Sharara) у нядзелю ўпала на траціну з-за узброеных беспарадкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?