Вяртанне да пяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў прапануецца абмеркаваць у Беларусі. Пра гэта заявіў журналістам віцэ-прэм'ер Васіль Жарко па выніках рабочай сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам, піша БелТА.

«Дзесяць гадоў як у краіне ўведзена дзесяцібальная сістэма навучання. Шмат пытанняў да дзесяцібальнай сістэмы. Гэта і часам бывае суб'ектывізм у ацэнцы. І ў нас няма нездавальняючай адзнакі. Бо адзін бал — гэта таксама ацэнка ведаў. Раней (пры пяцібальнай сістэме) разумелі — адзінка, двойка — гэта нездавальняючыя адзнакі. Таму трэба вынесці на абмеркаванне грамадскасці. Можа быць, і вярнуцца да пяцібальнай сістэмы», — сказаў віцэ-прэм'ер.

«Каб кожны разумеў: чатыры, значыць, чатыры. Пяць, значыць — выдатнік. Няма суб'ектывізму, - прывёў прыклад Васіль Жарко. — Што такое 4 з мінусам, 4 і 4 з плюсам (па старой сістэме) — 6, 7, 8. Дзе мяжа паміж шасцёркай і сямёркай, сямёркай і васьмёркай?»

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што для пераводу на бюджэтную форму навучання акрамя ўдзелу ў грамадскім жыцці і іншых крытэрыях патрэбныя адзнакі як мінімум у 7 балаў. «Адзін выкладчык паставіў 6, іншы паставіў 7. Але і там чатыры, і там чатыры (па пяцібальнай сістэме)», — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка, выслухаўшы прапанову, падкрэсліў, што гэтае пытанне, перш чым прымаць якое-небудзь рашэнне, неабходна вельмі добра абмеркаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0