16.08.2017 / 09:59

Як навукоўцы за 60 год пры дапамозе штучнай эвалюцыі стварылі ручных хатніх ліс — шмат ФОТА а вы б купілі сабе такую? 8

Ручныя лісы і норкі — не экзатычная мода. Гэта вынік эксперыменту сібірскіх навукоўцаў над эвалюцыяй, які ў гэтым годзе адзначае 60 гадоў. А Інстытут цыталогіі і генетыкі, дзе і займаюцца прыручэннем, або даместыкацыяй, жывёл, нядаўна адсвяткаваў 100-годдзе аўтара метаду — эвалюцыяніста, акадэміка Дзмітрыя Бяляева.

Проста так трапіць на тэрыторыю, дзе праводзіцца эксперымент, не атрымаецца: заезд толькі праз адмысловыя вароты і па прапусках.

Усяго на планеце існуе каля 50 відаў прыручаных жывёлаў. Першым да старажытных людзей «прыбіўся» воўк каля 15 тысяч гадоў таму, ад якога і паходзіць свойскі сабака.

У мінулым стагоддзі навукоўцам спатрэбілася ўсяго некалькі гадоў, каб атрымаць даместыкаваную лісу. Ліса была абраная не выпадкова: трэба было пратэсціраваць вялікую колькасць жывёл, а ліс было вельмі шмат у зверагадоўчых гаспадарках.

Адбор ішоў па прыкметах агрэсіўнасці, а дакладней, яе адсутнасці. Генетыкі выбіралі тых асобін, якія былі найбольш прыязна настроеныя да чалавека, і скрыжоўвалі іх паміж сабой. З атрыманых шчанюкоў зноў адбіралі самых талерантных і праводзілі скрыжаванне далей.

Вынік уразіў: ужо праз дзесяць пакаленняў навукоўцы атрымалі ліс, якія проста захапляюцца чалавекам і адчуваюць вялікую асалоду, калі іх гладзяць і бяруць на рукі.

Разам з тым паўсталі і іншыя змены ў генатыпе. Напрыклад, афарбоўка жывёлаў стала больш светлай і плямістай, а некаторыя лісічкі і зусім белыя. Таксама яны набылі няправільную будову сківіцы, а вушы пачалі звісаць.

«Гэтыя лісы праяўляюць усе прыкметы даместыкаваных жывёлаў. Напрыклад, у іх паніжаны ўзровень гармонаў стрэсу. У дзікіх лісіц першае адчуванне страху надыходзіць да 45 дня жыцця, у ручных толькі праз тры месяцы, гэта значыць, перыяд дзяцінства ў іх больш працяглы», — распавяла старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі эвалюцыйнай генетыкі Анастасія Харламава.

Яна ўдакладніла, што праз некалькі пакаленняў у паддоследных выявіўся эфект педамарфізму, то бок жывёла стала захоўваць дзіцячыя рысы і ў дарослым веку. Да такіх рысаў належаць, у прыватнасці, павільванне хвосцікам і скарочаная пыска.

Аднак з-за недастатковага фінансавання супрацоўнікі вопытнай гаспадаркі новасібірскага Інстытута цыталогіі і генетыкі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук вымушаныя скарачаць пагалоўе жывёл.

Зараз на навуковай ферме жывуць каля 700 ліс і некалькі сотняў норак. З норкамі вядзецца праца па тым жа прынцыпе: адбіраюць і скрыжоўваюць самых талерантных.

Але калі ліса ў працэсе селекцыі набліжаецца да сабакі, то норка — да кошкі. Норка становіцца прыязнай і прывязанай да чалавека, але разам з тым таксама, як і кошка, дэманструе сваю незалежнасць. У прыроду гэтыя звяры і іх нашчадкі вярнуцца не змогуць. У іх страчаны шэраг інстынктаў, якія забяспечылі б выжывальнасць у дзікіх умовах.

На ферме ўсіх жывёл утрымліваюць у клетках з кармушкамі і паілкамі. Даглядаюць звяроў і выхоўваюць іх некалькі чалавек і невялікі навуковы калектыў.

Цяпер жывёлы пачынаюць прыносіць і практычную карысць. Некаторы час таму бяляеўскія лісы былі вельмі папулярныя ў кантактных заапарках, бо яны, у адрозненне ад усіх астатніх гадаванцаў, не адчувалі там стрэсу. Звярынцы з ручнымі жывёламі і былі асноўнымі пакупнікамі ліс да мінулага года, калі ў Расіі набыла моц забарона на ўтрыманне ў іх любых жывёл атрада сабачых.

Але ад продажу жывёл навуковы цэнтр не зарабляе. Сродкі, атрыманыя за жывёл, ідуць на набыццё кармоў для гадаванцаў. 

Калі глядзіш на гэтых ручных жывёл, становіцца незразумелым, чаму так мала людзей іх купляюць. Уласнікаў дамоў, якія маглі б стварыць для лісы неабходныя ўмовы, у краіне быццам бы не мала. Кошт цалкам прымальны — як у пародзістых сабак або катоў. Але прысутнічае, вядома, традыцыйная прычына: пра тое, што ў сібірскім горадзе разводзяць ручных ліс, за мяжой вядома лепш, чым на тэрыторыі Расіі.

Ілья Параскевіч па матэрыялах info.sibnet.ru, ecoterica.com

13
хамса / Адказаць
16.08.2017 / 10:08
навошта здзеквацца над жывёламі? сабакі (першыя з прыручаных) увесь час імкнуцца вярнуцца ў свой першапачатковы стан (паглядзіце, як выраджаюцца пароды)
8
Ахрэм / Адказаць
16.08.2017 / 10:21
Вось так вывелі беларусаў - срэшчывалі самых талерантных. Чорт яго ведае, ці набыў бы - туту калі-некалі і сабака можа гаспадара укусіць. І у гаспадарцы трэба, каб сабака брахаў на чужынцаў, а не лашчыўся. Жывёла для гульбы - не ведаю. Каты мне трэба каб мышаў лавалі.
5
Zhvir / Адказаць
16.08.2017 / 10:22
Ja nie nabyvau by sabie zyviolku u chatu. Spiarsa chaj liud parazbiraje usich kinutych,  biazchoznych, vulicnych, a potym mozna dazvaliac' arhanizacyju prodazu. A to niejkaja dziunaja liubou da zyviolak atrymlivajecca.
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру