Тэлеканал «Белсат» прапаноўвае эфір кандыдатам у дэпутаты. Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс‑сакратар тэлеканала Сяргей Пеляса.

Паводле ягоных слоў, тэлеканал прапаноўвае кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў магчымасць пазнаёміць выбаршчыкаў са сваёй праграмай ў эфіры «Белсата».

Кожны грамадзянін, зарэгістраваны Цэнтральнай выбарчай камісіяй Рэспублікі Беларусь у якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, без увагі на прыналежнасць да палітычнай партыі ці погляды, мае права паказаць бясплатна адну перадачу з максімальнай працягласцю да 8 хвілінаў.

Умовай атрымання эфірнага часу з’яўляецца дастаўка да 15 верасня гатовай перадачы на носьбіце, адпаведным тэхнічным параметрам тэлебачання. Да перадачы мусяць быць далучаныя ліст з пісьмоваю згодай кандыдата на трансляцыю ў эфіры «Белсата» ягонай перадачы, копія пасведчання, якая пацвярджае факт рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, і пасведчанне, што кандыдат мае правы на дэманстрацыю сваёй перадачы.

«Эфір прапануецца абсалютна ўсім кандыдатам, якія былі зарэгістраваныя ў такой якасці, незалежна ад іх поглядаў і палітычнай пазіцыі», — зазначыў С.Пеляса.

Перадачы будуць дэманстравацца ў блоках пад назваю «Выбары‑2008. Кандыдаты» ад 16 да 26 верасня ў найлепшы эфірны час. Пасля трансляцыі ў эфіры выбарчы блок з\’явіцца на сайце www.belsat.eu. «Белсат» не будзе ўмешвацца ў змест перадачаў, але пакідае за сабою права адмовіць у эфіры ў выпадку, калі матэрыял парушае дзейнае заканадаўства ці заклікае да яго невыканання. «Белсат» не адказвае за змест відэаматэрыялаў, пададзеных кандыдатамі. Пра гэта гледачоў будзе інфармаваць паведамленне перад блокам і падчас перадачы», — сказаў С.Пеляса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?