Ва Ўкраіне падвялі вынікі акцыі «Сем цудаў Украіны», а мы вырашылі пашукаць ва ўкраінскіх цудах беларускія сьляды.


Разгарнуць мапу на ўвесь экран

1. Запаведнік «Камянец» у Камянцы-Падолькім


Камянецкая крэпасьць на рысунку Напалеона Орды

Камянец-Падольскі — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Украіны. Дзякуючы ўнікальнаму спалучэньню гісторыка-архітэктурнай, горадабудаўнічай спадчыны, ляндшафтнага каньёну ракі Смотрчы, «Стары горад» аб’яўлены дзяржаўным гісторыка-архітэктурным запаведнікам. На невялічкай плошчы месьціцца каля 200 помнікаў архітэктуры XI—ХІХ стагодзьдзяў.

Магутныя абарончыя ўмацаваньні «Старога гораду», крэпасьць і крэпасны мост, спалучэньне культавых пабудоў розных рэлігій пакідаюць незабыўнае ўражаньне.

У гістарычным цэнтры практычна няма ўтачэньняў архітэктуры ХХ стагодзьдзя. Галоўная местачковая адметнасьць — старадаўняя крэпасьць, першыя пабудовы якой адносяцца да ХІ — ХІІ стагодзьдзяў, а асноўныя ўмацаваньні — да ХVІ — ХVІІ стагодздзяў. Абарончыя ўмацаваньні ў Камянцы-Падольскім лічацца цудоўным узорам найлепшых фартыфікацый Усходняй Эўропы.

У 1919 годзе ў Камянцы-Падольскім міністар замежных спраў Украінскай Народнай Рэспублікі Лявіцкі заявіў, што УНР падтрымае беларусаў у барацьбе за незалежнасьць.


Як даехаць:
• На аўтамабілі зь Менску да мяжы ў Століне, далей цераз Сарны, Роўна, Няцешын, Тэафіпаль, Войтаўцы.
• На аўтобусе: зь Берасьця ў Камянец-Падольскі штодня ідзе два рэйсы, а 6:35 і аб 19-й. Ехаць 15 гадзін.
• На цягніку зь перасадкай у Кіеве

2. Сьвятая Ўсьпенская Кіева-Пячорская лаўра


Кіева-Пячорская лаўра — старадаўні праваслаўны манастыр на Русі, заснаваны ў 1051 годзе пры Яраславе Мудрым. Шчодрыя фундаваньні ў пабудову Лаўры давалі полацкія й менскія князі. Лаўра — значыць галоўны вялікі манастыр. Зь ёй зьвязаныя славутыя імёны, як, напрыклад, летапісца й аўтара «Аповесьці мінулых часоў» Нестара. Там ад 1178 да 1910 захоўваліся мошчы сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, заступніцы Беларусі. Цяпер у частцы лаўры гаспадарыць Украінская праваслаўная царка, а рэшта знаходзіцца ў гаспадараньні Кіева-Пячорскага гісторыка-культурнага запаведніка.

Як даехаць:
• На аўтамабілі зь Менску праз Гомель да мяжы ў Новай Гуце, далей праз Чарнігаў, Бровары
• На аўтобусе: зь Менску штодня ходзіць два транзытныя рэйсы на Мікалаеў і Кіраваград, яшчэ два рэйсы ідуць з Гомелю, адзін зь Сьветлагорску.
• На цягніку: штодня зь Менску ідзе начны цягнік. Ехаць 12 гадзін.

Глядзі яшчэ:
Трохмернае падарожжа па Кіева-Пячорскай Лаўры

3. Парк Сафіеўка


Фота — Sergiy Babakin

Парк Сафіеўка або Сафіеўскі парк ва Ўмані — ляндшафтны парк, створаны ў 1976 годзе Станіславам Патоцкім і названы імем ягонай жонкі Сафіі.

Парк створаны ў стылі ангельскага ляндшафтнага парку з вадаспадамі, фантанамі, ручаямі й каменнымі садамі. У парку расьце больш за тры тысячы экзатычных дрэў і кустоў. А ў 1985 у гонар уманскага парку назвалі малую плянэту.

Як даехаць:
• На аўтамабілі зь Менску да Кіеву й далей на поўдзень па трасе E95 праз Грабёнкі, Чаркас, Жашкаў. Ехаць 15 гадзін.
• На аўтобусе: зь Менску простым рэйсам на Мікалаеў, адно што прыбыцьцё ва Ўмань а гадзіне ночы.
• На цягніку: зь Менску на Сымфэропальскім цягніку да Чаркасаў, адтуль ідуць цягнікі на Ўмань. Ехаць больш за суткі.

4. Сафія Кіеўская


Сабор Сьвятой Сафііі быў пабудаваны ў ХІ стагодзьдзі. Сваімі званамі яна вітала Ўсяслава Полацкага, які кіеўскі люд вызваліў зь вязьніцы і абвесьціў князем. Бачылі яе муры і вояў вялікага князя літоўскага Альгерда, якія, пасьля перамогі на Сініх Водах, вызвалілі Кіеў ад татараў. Сафія разьмешчаная ў самым цэнтры ўкраінскай сталіцы. У саборы захаваліся 260 квадратных мэтраў мазаік і тры тысячы м² фрэсак. Наўкола сабору месьцяцца манастырскія пабудовы ХVІІ стагодзьдзя, выкананыя ў архітэктурным стылі ўкраінскага барока. Сафійскі сабор стаў першым унесеным у сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА помнікам архітэктуры на тэрыторыі Ўкраіны.

5. Херсанэс Таўрычны


Фота: Барыс Калесьнікаў, chersonesos.org

Херсанэс Таўрычны — старажытны горад, заснаваны грэкамі ў 528/529 гадах да нашай эры на ўзьбярэжжы Крыма. Цяпер ён месьціцца на тэрыторыі Гагарынскага раёну Севастопалю. Старажытная славянская назва гораду — Карсунь. Таўрыкай эліны называлі паўднёвае ўзьбярэжжа Крыму. У 1363 годзе Херсанэс захапіў наш князь Альгерд і вывез адтуль царкоўны рыштунак. У ліку вывезеных іконаў была і тая, што сёньня вядомая як Маці Божая Вастрабрамская. У 1397 посьпех дзядзькі паўтарыў князь Вітаўт. Праз два гады горад спустошыў і спаліў хан Едыгей. Пасьля гэтай навалы Херсанэс ужо не ачуняў. Апошняе па часе ліха напаткала Херсанэс у 2007-м: тады вандалы павалілі калёны сярэднявечнага храму Базыліка ў базыліцы, некаторыя калёны раскалоліся, патрэскалася мазаічная падлога.

Як даехаць:
• На аўтамабілі зь Менску праз Барысаў, Мазыр у Карасьцень, далей праз Сквыру ва Ўмань, Першамайск, Мікалаеў, Херсон, Сімферопаль.
• На аўтобусе: зь Менску да Мікалаева або Кіраваграду, там перасесьці на рэйс да Севастопалю.
• На цягніку: Зь Менску да Сімферопалю, там паўтары гадзіны цягніком да Севастопалю. Ехаць паўтара сутак.

6. Хоцінская крэпасьць


Хоцін быў заснаваны ў пачатку ХІ стагодзьдзя кіеўскім князем Уладзімерам Вялікім як адна з сыстэмы памежных крапасьцей. Яна сьпярша была драўлянай і выкарыстоўвалася старажытнымі славянамі для абароны сваіх паселішчаў. Назва гораду, як мяркуюць, паходзіць ад слова «хацець», бо мясцовасьць была заўжды жаданай для старажытных пасяленцаў: вялікая рака, вялікі лес, урадлівая глеба, дзівосныя краявіды.

У кастрычніку 1621 году пад сьценамі замку адбылася знакамітая Хоцінская бітва. Украінска-беларуска-польскія войскі на чале зь гетманам літоўскім Янам Каралем Хадкевічам і Пятром Сагайдачным разьбілі значныя сілы Асманскай імпэрыі. Ян Хадкевіч там жа пад Хоцінам і памёр ад хваробы.

Нават той, хто ніколі ня быў у Хоціне, напэўна бачыў ягоныя муры ў фільмах «Тры мушкецёры», «Балада пра доблеснага рыцара Айвенга», «Стрэлы Робін Гуда», «Тарас Бульба».

Як даехаць:
• Гэтаксама, як да Камянца-Падольскага. Хоцінская крэпасьць у 20 км, аўтобусы туды ходзяць штогадзіну.

7. Хорціца


Найбуйнейшая атока на Дняпры: 12,5 км удоўжкі, і 2,5 ушыркі. Месьціцца ў Запароскай вобласьці. На востраве больш за 1000 відаў розных расьлін, і 63 помнікі археалёгіі.

Як даехаць:
• На аўтамабілі зь Менску праз Гомель, Новую Гуту, Нежын, Пірацін, Харол, Крамянчук, Верхнедняпроўск.
• На аўтобусе: з Гомелю рэйсам на Феадосію, 15 гадзін.
• На цягніку: зь Менску цягнікамі на Сімферопаль, Феадосію ці Еўпаторыю — да Запарожжа. Ехаць 22-25 гадзін.

Пры падрыхтоўцы выкарыстаныя матэрыялы Вікіпэдыі, 7chudes.in.ua, Вечерний Харьков, даведачных сыстэм

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?