17.08.2017 / 13:33

Топ-10 выклікаў для чалавецтва да 2050 года 5

Імклівае развіццё навукі і тэхнікі робіць жыццё чалавека больш камфортным, заможным і прыемным. Але ўвесь час чалавецтва сутыкаецца з новымі выклікамі, якім нават навука не можа даць рады. А ў некаторых выпадках развіццё навукі і тэхнікі гэтыя выклікі якраз правакуе.

«Наша Ніва» склала топ-10 выклікаў для чалавецтва, з якімі мы сутыкнемся ўжо да 2050 года.

1. Генетычна мадыфікаваныя людзі

Ужо зараз навукоўцы пачалі тэсты тэхналогіі, якая дазваляе рэдагаваць чалавечую ДНК. Гучыць фантастычна: яшчэ да нараджэння дзіцяці можна будзе «выразаць» з ДНК «шкодныя гены», якія адказваюць за сур’ёзныя хваробы. Але перад навукоўцамі паўстае шмат этычных пытанняў. Незразумела, да якога ўзроўню можна рэдагаваць гены, каб нованароджаны лічыўся чалавекам, а не біялагічным робатам. І што будзе з чалавецтвам, калі па замове бацькоў усе народжаныя дзеці будуць аднолькава разумнымі і моцнымі? І ці не будуць гэтым карыстацца злодзеі, каб спецыяльна гадаваць людзей са звышздольнасцямі для ажыццяўлення сваіх злачынстваў?

2. Старэнне насельніцтва

Як у высокаразвітых, так і ў бедных краінах працягласць жыцця ўзрастае. У сярэднім па свеце яна павялічылася да 71,5 года. Для параўнання, беларусы цяпер жывуць па 74 гады.

З аднаго боку, можна парадавацца за чалавецтва. Але ўзнікаюць простыя і відавочныя пытанні. Як даглядаць больш сталых людзей? Адкуль браць грошы на пенсіі, калі доля сталых людзей павялічваецца, а тых, хто працуе, памяншаецца? Раней гэтая праблема стаяла не так востра, таму што нараджальнасць была высокай, і павелічэнне колькасці пенсіянераў кампенсавалася павелічэннем колькасці працоўнай моладзі. Але зараз нараджальнасць істотна змяншаецца, прычым не толькі ў развітых краінах, але і ў бедных. Таму адсотак пенсіянераў будзе толькі расці.

3. Падвышэнне ўзроўню мора

Глабальнае пацяпленне топіць ледавікі, што выклікае падвышэнне ўзроўню мора. Для чалавецтва гэта больш сур’ёзная праблема, чым можа здавацца. Хаця пры падвышэнні ўзроўню мора будзе затоплена адносна невялікая плошча сушы Зямлі, значэнне гэтых тэрыторый немагчыма пераацаніць. Менавіта каля ўзбярэжжаў знаходзяцца самыя развітыя і самыя густанаселеныя тэрыторыі Зямлі: Нью-Ёрк, Рыа-дэ-Жанейра, Лондан, Рым, Токіа, Шанхай, Сіднэй… Прыморскія гарады фактычна з’яўляюцца эканамічнымі, вытворчымі, навуковымі і культурнымі цэнтрамі цывілізацыі. І праблемы гэтых гарадоў — праблемы ўсяго чалавецтва.

4. Змяненне ролі сацыяльных сетак

У пачатку 21 стагоддзя сацыяльныя сеткі стварылі выдатныя магчымасці для зносінаў людзей. Але паступова роля сацыяльных сетак стала змяняцца. Яны сталі не толькі сродкамі камунікацыі, забіўшы традыцыйныя інтэрнэт-форумы, але і ператварыліся ў глабальныя агрэгатары навінаў. Гэта стварае вялікую небяспеку для традыцыйных медыя, а таксама выклікае небяспеку, што алгарытмы выдачы навінаў у сацыяльных сетках могуць маніпуляваць грамадскай думкай. Да таго ж, сацыяльныя сеткі сталі месцам дзейнасці для троляў і ботаў, якія кіруюцца спецслужбамі некаторых краін, што можа ствараць дадатковыя праблемы ў бяспецы цэлых дзяржаў.

5. Павелічэнне колькасці аўтамабіляў

Хаця інжынеры і распрацоўваюць такія рэвалюцыйныя транспартныя праекты як Hyperloop, аналітыкі прагназуюць, што колькасць аўтамабіляў будзе ўсё роўна імкліва павялічвацца. Пераход на электрарухавікі крыху зменшыць ціск на прыроду, але рост колькасці аўтамабіляў ускладніць жыццё вялікіх гарадоў. Не зусім зразумела, як на сітуацыю на дарогах можа паўплываць пераход да беспілотных аўтамабіляў.

6. Вычэрпванне рэсурсаў

Нават калі чалавецтва пачне ў вялікіх маштабах замест нафты і газу выкарыстоўваць альтэрнатыўныя ўзнаўляльныя крыніцы энергіі, праблема сканчэння рэсурсаў нікуды не знікне. Куды больш небяспечным, чым вычэрпванне энерганосьбітаў, з’яўляецца знікненне рэдказямельных металаў. А без гэтых металаў вытворчасць любой электронікі немагчымая. На сённяшні дзень каля 90% рэдказямельных металаў здабывацца ў Кітаі. Па падліках навукоўцаў, кітайскіх радовішчаў планеце хопіць толькі на 20-30 гадоў.

7. Засваенне космасу

На шляху засваення космасу перад чалавекам стаіць яшчэ шмат перашкодаў. Навукоўцы пакуль толькі шукаюць спосабы, як нейтралізаваць смяротны эфект сонечнай радыяцыі для будучых марсіянскіх каланістаў і як арганізаваць быт людзей на іншай планеце.

Але нават калі гэтыя тэхнічныя пытанні вырашацца і чалавецтва пачне перасяляцца на іншыя планеты, паўстануць пытанні прававога статусу гэтых калоній і іх адносінаў з Зямлёй.

8. Стымулятары мазгавой дзейнасці

Ужо зараз мы карыстаемся рэчывамі, якія стымулююць дзейнасць мозгу. Напрыклад, выпіваем кубачак кавы перад іспытамі ці перад працай. Але што будзе, калі навукоўцы распрацуюць такія стымулятары мазгавой і інтэлектуальнай дзейнасці, што дадуць некаторым людзям значную перавагу над іншымі? Багатыя і разумныя будуць станавіцца яшчэ больш багатымі і разумнымі? Ці справядліва, калі людзі, якія ўжываюць такія стымулятары, будуць здаваць экзамены разам са звычайнымі людзьмі? Адназначнага адказу на гэтыя пытанні пакуль няма.

9. Дамінаванне штучнага інтэлекту

Візіянеры асцерагаюцца, што штучны інтэлект у будучыні зможа не толькі пакінуць шмат людзей без працы і знішчыць цэлыя галіны гаспадаркі, але і стане такім магутным, што выйдзе з-пад кантролю і пачне дамінаваць над чалавецтвам і ствараць яму праблемы. Нават калі гэтага і не адбудзецца, у любым выпадку штучны інтэлект у значнай ступені зменіць усе сферы чалавечай дзейнасці: ад аховы здароўя да фінансавых рынкаў.

10. Дэфіцыт пітной вады

Дэфіцыт пітной вады можа быць выкліканы дзвюма праблемамі. Адна з іх — недахоп ачышчальных станцый у бедных краінах. Напрыклад, у краінах Экватарыяльнай Афрыкі ў прыродзе шмат вады, але яна брудная. Гэтую праблему вырашыць цяжка, але рэальна. Калі дабрабыт такіх краін будзе паляпшацца, будуць будавацца новыя ачышчальныя станцыі — вада будзе станавіцца даступнай для людзей.

Але ёсць другая праблема: у некаторых краінах дэфіцыт пітной вады мае прыродны характар. Гэта тычыцца ўсёй Паўночнай Афрыкі, Паўднёвай Азіі, Аўстраліі, Захаду ЗША і Мексікі. І гэтая праблема на сёння не мае ніякага вырашэння.

Максім Маханькоў

7
Ў Hrodna / Адказаць
17.08.2017 / 14:10
у беларусаў свае праблемы і сусветныя нас на сённяшні дзень не кранаюць. 
А вос АРЛ і РФія на ўсходзе вось дзе нашы праблемы...
1
Пратэй Няптунаў / Адказаць
17.08.2017 / 16:20
Гінуць мае агуркі - хай гінуць і твае памідоры.
0
Васіль Грыбоўскі-Гурыновіч / Адказаць
17.08.2017 / 16:40
Цікава, дзе жывуць беларусы па 74 гады, сярэдне зразумела. Прынамсі ў нашай вёсцы Кавалі, Бабруйскага раёну за апошнія 5 гадоў памерлі з 10к чалавек ва ўзросце ад 55 да 70 і толькі адна бабуля 82 год. Людзі не паспяваюць нават на пенсіі пажыць.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру