Інтэрнэт-выданне 34mag.net стварыла мапу «Мянушак беларускіх гарадоў». «Наскрэблі па засеках мянушкі гарадоў Беларусі. Калі хочаш прыкінуцца лакалам і знаўцам альтэрнатыўных беларускіх тапонімаў, вывучай нашу мапу. Пяшчотныя, дыялектныя, слэнгавыя — усе твае!» — гаворыцца ва ўступе.

Насамрэч карта выклікала шмат дыскусій у сацыяльных сетках. Гомельскі настаўнік і пісьменнік Сяргей Балахонаў напісаў з гэтай нагоды: «Я і сам, бывае, ужываю слова «Гамялёк», але неяк не думаў, што яно цягне на цэлую нефармальную назву нашага горада. Раней жа (гадоў 70-100 таму) яго жартоўна называлі «Гомель-Гомель» і, хутчэй за ўсё, не самі гамяльчане, а жыхары іншых краёў, дзе бытаваў анекдот пра паездку ў Бадэн-Бадэн. Што да карты мянушак беларускіх гарадоў, то яна сапраўды цікавая. Больш за ўсё пацешыў Квакенбург. Жлобін апошнімі гадамі называюць яшчэ Жлонданам».

Рэдактар грэка-каталіцкай газеты «Царква», берасцеец Ігар Бараноўскі таксама адпісаўся з гэтай нагоды: «Як берасцеец Брысталь не чуў, хоць у пэўных колах моладзі, можа, хто і кажа. Для Брэста дадалі чамусьці яшчэ «Бжэшчь». Ні разу не чуў. Хіба ў вузкім коле Саюзу палякаў ды і тое — між сабой, але каб па-за гэтым колам… Вось у краязнаўчым коле часам для гумару можам сказаць ці напісаць «Brisk» — так горад называлі габрэі, ну то і гэта тады трэба падаваць. А вось Жабінку Квакенбургам для сьмеху называлі яшчэ ў 1980-ыя. Баранкі пачуў ад каталіцкай і студэнцкай моладзі з Баранавічаў. Івашкі і Слонік чуў ад студэнтаў. Пружаны штосьці чуў, але здаецца не Санта-дэ-Пружанэйра, а Рыа-дэ-Пружанэйра».

Сапраўды, амаль ні ў каго не ўзнікала пытанняў адносна «Баранак» (Баранавічы), «Мола» (Маладзечна), Соліка ці Салігар (Салігорск), а таксама сцёбнай назвы «Квакенбург» (Жабінка), а вось іншыя назовы выклікаюць шмат пытанняў.

Так першапачаткова на карце з’явілася «Гро» ў значэнні «Гродна», аднак пад ціскам гродзенцаў гэтая назва хутка знікла.

«За Верхнік ды Шалёнкавічы рэспект… Бачна, што багата чаго прыцягнута за вушы. Я разумею, што так аўтар проста сам называе.. І бачна, што на захадзе ён бывае часьцей. І Віцебск — я за ВТК», — напісаў рэпер з Сянна «Вожык».

Ёсць пытанні і адносна Мінска. Напрыклад, Аляксандр Лапко задаецца пытаннем: «Пра Мінскас аўтары пачулі ў цягніку-аўтобусе з Вільні? Калі па маянэз, як у тым анекдоце пра хіпсцера, ездзілі?»

А што вам з прыведзеных назваў падаецца дарэчным/недарэчным?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?