Пра гэта ў інтэрв'ю news.liga.net заявіў галоўны ідэолаг дэкамунізацыі, дырэктар Украінскага інстытута нацыянальнай памяці Уладзімір Вятровіч.

«Дэмантаваныя 2389 помнікаў, з іх 1320 помнікаў Леніну. Паводле нашай інфармацыі, Леніна ў гарадах больш няма — на тэрыторыі, якая кантралюецца Украінай. Магчыма, яны засталіся ў сельскай мясцовасці і на тэрыторыі прадпрыемстваў. Рэч у тым, што ў рэестрах яны ніколі не існавалі, іх можна дэмантаваць толькі па факце выяўлення».

Лёс гэтых помнікаў вельмі розны.

«Большая іх частка — гэта звычайныя гіпсавыя фігуры, якія не ўяўляюць ні матэрыяльнай, ні гістарычнай каштоўнасці, рабіліся па адзіным каноне. Яны знішчаны, вядома. Тыя, якія ўяўляюць сабой матэрыяльную каштоўнасць, напрыклад з бронзы, маглі быць пераплаўленыя. Частка захоўваецца для музея. Спадзяюся, у канцы гэтага года мы зможам заснаваць такі музей у Кіеве, на тэрыторыі ВДНГ. Гэта будзе музей мануметальнай прапаганды СССР. Увосень гэтага года мы яго анансуем», — мяркуе Вятровіч

У музеі, па словах кіраўніка Інстытута нацыянальнай памяці, будзе некалькі дзясяткаў помнікаў. Гэта будуць толькі манументальныя скульптуры, пра бюст гаворкі няма.