17.08.2017 / 18:51

Стравы з пацукоў: зацаніце Вы б пакаштавалі? 14

У многіх з нас адзін толькі выгляд гэтых грызуноў выклікае агіду, але ў некаторых краінах стравы з пацукоў займаюць ганаровае месца ў меню.

Калі ў вашым доме калі-небудзь былі пацукі, вы выдатна ведаеце: перад тым як легчы спаць, трэба праверыць, ці не пакінута ежа на стале або яшчэ недзе. Інакш з'яўленне начных гасцей будзе імгненным.

Аднак такіх гасцей не ўсюды лічаць няпрошанымі. У некаторых раёнах нашай планеты пацукоў лічаць цудоўным далікатэсам.

Кожны год 7 сакавіка ў далёкай вёсачцы, што схавалася ля падножжа Гімалаяў на паўночным усходзе Індыі, племя адзі адзначае веснавое свята Аран. Галоўная страва свята — пацукі, іх тут ўмеюць гатаваць па-рознаму і на любы густ.

Асабліва народу адзі падабаецца рагу з пацучыных страўнікаў, печані, кішак і іншых вантроб, звараных разам з хвастамі і лапамі з дадаткам солі, чылі і імберцу.

У племені карыстаюцца павагай любыя грызуны — і хатнія пацукі, і дзікія, што жывуць у лесе. Асабліва смачнымі лічацца хвасты і лапкі, распавядае Віктар Бэна Мэер-Рочаў з універсітэта Оўлу (Фінляндыя), які вывучаў харчовыя перавагі народа адзі.

«Мне сказалі: няма свята, няма шчасця, калі няма пацукоў. Каб як след пачаставаць ганаровага госця, дарагога сваяка, адсвяткаваць важную падзею, на стале абавязкова павінны быць пацукі».

Пацукоў тут так любяць, што яны важнейшыя, чым проста ежа. «Пацукоў (мёртвых, зразумела) дораць на вяселле, каб бацькі нявесты не так гаравалі, бачачы, як дачка сыходзіць у дом жаніха», — распавядае Мэер-Рочаў.

Раніцай у першы дзень свята вясны кожны з дзяцей атрымлівае двух мёртвых пацукоў — прыкладна так, як каляднай раніцай у заходніх краінах дзеці знаходзяць пад ялінкай падарункі.

Нам нічога не вядома пра тое, адкуль узяўся гэты звычай і наогул любоў да пацукоў, але Мэер-Рочаў упэўнены, што гэта старажытная традыцыя, якая зусім не звязаная з недахопам ежы ці беднасцю выбару.

У тых месцах, дзе жыве народ адзі, у лясах поўна аленяў, коз і буйвалаў. Але адзі проста падабаецца смак пацукоў.

«Яны запэўнівалі мяне, што няма нічога лепш за пацукоў», — узгадвае фінскі навуковец.

Хоць Мэер-Рочаў і вегетарыянец, яго ўсё ж угаварылі пакаштаваць пацука. І што ж? На яго густ, ён быў падобны да любога іншага мяса — за выключэннем паху.

«Я адразу ўспомніў заняткі па заалогіі ва ўніверсітэце, калі студэнтам даводзілася ўскрываць мёртвых пацукоў, каб вывучаць іх ўнутраную будову», — распавядае ён.

Аднак пацукоў як страву паважаюць не толькі ў закінутых кутках Індыі. Брытанскі тэлевядучы Стэфан Гейтс аб'ехаў свет, знаёмячыся з людзьмі, якія маюць незвычайныя харчовыя перавагі. У Камеруне ён знайшоў маленькую ферму, што разводзіць трысняговых пацукоў.

«Велічынёй з невялікую сабаку, зласлівыя маленькія стварэнні», — успамінае ён.

Можа, і зласлівыя, але затое якія смачныя! Па словах Гейтса, трысняговыя пацукі — гэта нешта асаблівае, і таму іх мяса даражэйшае за курынае.

Якое ж яно на смак?

«Гэта самае смачнае мяса, якое я еў у сваім жыцці», — кажа ён.

Крыху гісторыі

Гісторыя ўжывання пацукоў у ежу налічвае стагоддзі. Згодна з навуковым аглядам універсітэта Небраска-Лінкальна (ЗША), у Кітаі часоў дынастыі Тан (618-907 н.э.) пацукоў елі і называлі іх мяса хатняй алянінай.

Адным з далікатэсаў лічыліся нованароджаныя пацучаты, начыненыя мёдам, якіх зручна было есці палачкамі, пішуць аўтары агляду.

200 гадоў таму палінезійскіх пацукоў — блізкіх сваякоў звычайнага хатняга пацука — шырока ўжывалі ў ежу (асабліва ўзімку) палінезійцы, а таксама маоры ў Новай Зеландыі.

Згодна з Энцыклапедыяй Новай Зеландыі, гэтыя пацукі лічыліся далікатэсам, іх падавалі на стол, калі прыходзіў важны госць, і нават выкарыстоўвалі ў якасці валюты, якой абменьваліся на разнастайных цырымоніях, у тым ліку вясельных.

Пацукоў па-ранейшаму ядуць у Камбоджы, Лаосе, М'янме, некаторых раёнах Філіпін і Інданезіі, Тайланда, Ганы, Кітая і В'етнама, распавядае Грант Сінглтан, супрацоўнік Міжнароднага інстытута вывучэння рысу ў Філіпінах.

Сінглтан узгадвае, як еў пацукоў у Лаосе і ў дэльце адной з рэк М'янмы. У Лаосе, кажа ён, сяляне поўначы краіны на смак адрозніваюць па меншай меры пяць відаў пацукоў.

Напэўна, цяпер вы не зможаце замовіць пацучаціну ў сваім любімым рэстаране, але па меры таго, як наш свет усё больш ператвараецца ў адну глабальную вёску, нескладана выказаць здагадку, што рана ці позна стравы з пацукоў пракладуць дарогу ў заходнія меню.

3
Ахрэм / Адказаць
17.08.2017 / 19:02
Калі з майнэзам. І пасля грам 200 гарэлкі.
3
хамса / Адказаць
17.08.2017 / 19:12
если назвать это красиво и замысловато и добавить соответсвующую (высокую) цену, то средний посетитель дорогого ресторана, отягощенный обычной борщеваркой, и не поинтересуется, из чего это сделано, правда, Макс Дизайнер?)
2
Фрау А. из Берлину / Адказаць
17.08.2017 / 19:15
Для некаторых народаў есці свініну - гэта дзікасць. У прынцыпе ўсё мяса сходнае па хімічным складзе: пацучына, ялавічна, свініна, чалавечына, кашаціна... Але усё гэта для мяне брыдка, хоць я не вегетарыянец. 
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру