18.08.2017 / 19:19

У Беларусі да канца года двойчы падаражэе «камуналка» 15

Тарыфы праіндэксуюць ў верасні і снежні.

У Беларусі да канца года двойчы праіндэксуюць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Гэта адбудзецца з 1 верасня і 1 снежня, паведаміў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец. Павышэнне абумоўлена ростам даходаў насельніцтва, перадае словы прадстаўніка МАРГ тэлеканал «СТВ».

- Спажыўцы ад 1 верасня бягучага года заплацяць на 8% больш за камунальныя паслугі. Але яшчэ раз звярну ўвагу, што дадзеная індэксацыя або дадзены рост абумоўлены ростам даходаў насельніцтва, як гэта і прадугледжана дзеючым заканадаўствам і той практыкай, якая склалася ўжо на працягу некалькіх гадоў, - заявіў Іван Вежнавец. - Ад 1 снежня мы плануем ізноў жа зыходзячы з росту заработнай платы, якая будзе адбывацца, мы ацэньваем, што рост індэксацыі складзе каля 10%. Адпаведным чынам падвысяцца і тарыфы для насельніцтва.

Паводле яго слоў, з улікам двух індэксацый і запланаванага ад 1 студзеня 2018 года павышэння платы за жыллёва-камунальныя паслугі ў межах 5 даляраў беларусы будуць аплачваць «камуналку» на 100% за выключэннем выдаткаў на цеплавую энергію.

На некаторыя паслугі рост будзе істотным, цытуе словы Івана Вежнаўца газета «Звязда». Так, тарыф па каналізацыі вырасце на 48,5%, цана халоднага водазабеспячэння вырасце на 27,7%, а вываз цвёрдых камунальных адкідаў «пацяжэе» на 19%. Пры гэтым, адзначае выданне, агульная жыроўка вырасце толькі на 5 даляраў. Такім чынам, на канец 2017 года аплата ЖКП у двухпакаёвай кватэры плошчай 48 квадратных метраў з трыма жыхарамі ў ацяпляльны перыяд абыйдзецца ў 93 рублі, а ўзровень кампенсацыі насельніцтвам комплексу камунальных паслуг вырасце да 74,8%. Да канца 2018 года гэты паказнік дасягне 85%, да 2020 года - будзе 93,3%, а вось планаваныя 100% дасягнуць можна будзе толькі ў 2025-м годзе, паведамляе «Звязда».

Нагадаем: пра тое, што беларусы ад 1 студзеня 2018 года выйдуць на 100%-ны ўзровень кампенсацыі затрат па ўсіх паслугах ЖКГ, акрамя цеплавой энергіі, заявіў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі і Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры верхняй палаце парламента.

Міністр удакладніў, што з наступнага года беларусы будуць аплачваць па субсідаваных тарыфах цеплавую энергію - ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. Па словах Аляксандра Церахава, гэта самы значны артыкул выдаткаў для спажыўцоў пры аплаце паслуг ЖКГ.

Міністр адзначыў, што вытворчасць цеплавой энергіі таксама застаецца даволі затратнай. «Праца па зніжэнні сабекошту цеплавой энергіі мае прыярытэтны характар», — сказаў ён.

Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі яшчэ ў пачатку мінулага года распавёў аб планах урада па пераходзе на поўнае пакрыццё насельніцтвам вытрат на аказанне паслуг ЖКГ. 100-працэнтную «камуналку» беларусам абяцалі да канца 2018 года, але пра аплату паслуг па прадастаўленні цеплавой энергіі тады нічога не гаварылася.

У чэрвені Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам Адміністрацыі прэзідэнта заявіў, што ў Беларусі трэба «выйсці на нізкія тарыфы, каб насельніцтва не крыўдзіць».

Нагадаем, учора начальнік упраўлення эканомікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Дзмітрый Казаноўскі паведаміў, што тарыфы на ЖКП у Беларусі невысокія, насельніцтва здольна іх аплачваць без субсідый.

У КДК раней вылічылі, як знізіць выдаткі беларусаў на «камуналку». У ведамстве падрыхтавалі прапановы па зніжэнні сабекошту жыллёва-камунальных паслуг у Беларусі на 7,3%. Адно з прапаноў - знізіць вытраты на цеплавую энергію.

У структуры плацяжоў за жыллёва-камунальныя паслугі ў зімовы перыяд у сярэднім 30,9% займае плата за цеплазабеспячэнне. З-за гэтага ў першую чаргу прапановы камітэта накіраваны на павышэнне эфектыўнасці работы энергетычнай і вадаправоднай гаспадаркі.

Так, па словах начальніка галоўнага ўпраўлення кантролю за работай галін у сферы матэрыяльнай вытворчасці КДК Станіслава Наркевіча, прапануецца ліквідаваць неэфектыўныя кацельні шляхам пераключэння нагрузак на іншыя цеплакрыніцы. Усяго ў краіне налічваецца больш за 300 такіх аб'ектаў, на асобных з іх сабекошт цеплаэнергіі ў 3-6 разоў перавышае сярэдні па сістэме ЖКГ. Асноўная прычына звышнарматыўных страт і павелічэння выдаткаў на паслугі з'яўляецца нездавальняючы стан цеплавых сетак. Нягледзячы на высокі знос, запланаваныя аб'ёмы замены не выконваюцца.

1
Застёгнутый / Адказаць
18.08.2017 / 19:35
А как насчёт индексации зарплаты?...
0
ыыы / Адказаць
18.08.2017 / 19:39
"Павышэнне абумоўлена ростам даходаў насельніцтва" - гэта такі вытанчаны здзек???? Я разумею, што яны жывуць у сваім, паралельным свеце, хай бы сабе жылі, але людзей нашто чапаць? (
0
стары / Адказаць
18.08.2017 / 20:15
Прыбытак ад экспарту увесь час знiжаецца, трэба ж недзе грошыкi браць.Што ж ты зробiш,ды i прывыклi ужо жыць пад сядлом, ды ленiнцамi на сьпiне...
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру