19.08.2017 / 11:31

Солтыс пры паляках, стараста пры немцах, бездакорны чалавек: няпростае жыццё Уладзіміра Анціпарука 5

Уладзімір Парфенавіч Анціпарук (мой прадзед) быў малодшым сынам Парфена і Настассі Анціпарукоў, жыхароў вёскі Засімы, Кобрынскага павета.

Нарадзіўся Уладзімір на самым пачатку трагічнага ХХ стагоддзя — 22 ліпеня 1900 года. Бацькі аддалі свайго малодшага сына на навучанне ў царкоўна-прыходскай школе, якую ён скончыў 13 чэрвеня 1913 года.

Уладзімір (злева) і Цімафей Анціпарукі.

Ад 1915 года сем’я, верагодна, была ў бежанстве. Пасля вяртання на радзіму Уладзімір Анціпарук прызываецца на службу у Войска польскае.

Пасля службы паўстае пытанне пра сямейнае жыццё. Уладзімір — відны і статны малады чалавек з добрай і заможнай па вясковых мерках сям’і. Дзяўчаты ставяцца да яго прыхільна.

З адной дзяўчынаю адносіны складваюцца амаль што да шлюбу, але раптам Уладзімір мяняе сваё рашэнне.

Аднойчы на вясковых танцах ён звяртае ўвагу на дзяўчыну, якая надта прыгожа танчыць і ў яе валасы ўплецены кветкі. Уладзімір разумее, што закахаўся па-сапраўднаму.

Яго абраніцай стала дзяўчына з небагатай, але прыстойнай сям’і — Ульяна Андрэеўна Страчук. Сям’я Страчукоў жыла ў суседняй вёсцы Мінянка. Ульяна адказала закаханаму хлопцу ўзаемнасцю ў пачуццях. Так нарадзілася новая сям’я. 

Уладзімір Анціпарук (справа) у польскім войску.

Сям’я Анціпарукоў на пачатку XX стагоддзя змагла набыць немалы кавалак добрай і ўрадлівай зямлі.

Старэйшы брат Дзімітрый паехаў у Амерыку, каб дапамагчы сям’і збудаваць на набытай зямлі новую хату. Старэйшыя сёстры выходзяць замуж і пакідаюць бацькоўскі дом. Застаюцца пажылыя і ўжо нямоглыя бацькі з двума малодшымі сынамі — Цімафеем ды Уладзімірам з іхнімі жонкамі.

Браты былі надта дружнымі і разам прымаюцца за ўладкаванне гаспадаркі і будаўніцтва новага дома на дзве сям’і.

Абодва браты былі добра настаўленыя з малога веку ў сельскагаспадарчых навуках. Але акрамя гэтага Уладзімір вучыцца пчалярскай справе і ўладкоўваецца на працу пчаляром да мясцовага пана Басяцкага, які жыў у фальварку Малодча.

Справа ва Уладзіміра пайшла надзвычай добра. За добрую і плённую працу пан надта паважаў свайго пчаляра і плаціў яму добрыя грошы, а разам з тым шмат у чым дапамагаў. Заробленыя грошы, дапамога старэйшага брата Дзімітрыя з Амерыкі, дапамога пана, сямейная згода, ды любоў да працы і парадку дапамаглі братам збудаваць добрую дыхтоўную хату, якую пакрылі бляхаю, што на тыя часы лічылася ў вёсцы раскошаю.

Прыбывае таксама і зямлі.

Быў свой лес, рыбная лоўля, сенажаць, пашы, сад. Уладзімір вылучаўся надзвычайнай эканомнасцю ды духам прадпрымальніцтва.

Як больш актыўны ў параўнанні з братам, Уладзімір становіцца прадстаўніком агульнай гаспадаркі, якая некалькі гадоў запар прызнаецца найлепшай у акрузе. Нягледзячы на малады век, Уладзімір абіраецца солтысам сваёй вёскі. І неўзабаве за прыкладнае вядзенне гаспадаркі ён быў узнагароджаны адной з ганаровых узнагарод Рэчы Паспалітай - Бронзавым Крыжом Заслугі (Brązowy Krzyż Zasługi). 

У сужэнстве Уладзіміра ды Ульяны нараджаецца 4 дачкі: Стэфаніда (мая бабуля), Кацярына, Надзея ды Марыя.

Праблемы ў сям’і пачынаюцца з прыходам камуністаў у 1939 годзе. Як адна з самых моцных гаспадарак вёскі, сям’я Анціпарукоў з вялікай верагоднасцю магла трапіць пад раскулачванне. Так бы яно і было, каб не пачатак вайны. 

Немцы абралі старастам вёскі Засімы Уладзіміра Анціпарука, які быў солтысам пры паляках.

Вёска Засімы абкружаная з усіх бакоў лесам. А падчас вайны дзе лес — там і партызаны. І гэта быў той фактар, які ў вялікай ступені павялічваў рызыку для мясцовага насельніцтва. Таму і задача захавання жыцця была не з простых.

У Беларусі шмат менавіта такіх лясных вёсак было спалена немцамі падчас вайны. Таму мясцоваму насельніцтву трэба было пільна сачыць за балансам узаемаадносін паміж, з аднаго боку, - немцамі; а з другога боку — партызанамі.

Сярод кіраўнікоў партызанскага руху былі і сваякі Уладзіміра Анціпарука.

Як стараста Уладзімір арганізоўвае харчовую падтрымку і для партызанаў, і, зразумела, вымушаны карміць немцаў.

Задача ўскладнялася тым, што першы час «партызанкі» больш нагадваў бандытызм, чым змаганне з ворагам. Некаторыя групы мясцовых «партызан» беспакарана рабавалі і забівалі простых людзей. Забілі яны, паводле сведчанняў мясцовага люду, і групу савецкіх дэсантнікаў, якія былі закінуты ў рэгіён для арганізацыі і каардынацыі партызанскага супраціву. І толькі з цягам часу «партызанка» ўвайшла ў больш менш арганізванае і кантраляванае рэчышча. 

Пасля сур’ёзнай траўмы калена старэйшай дачкі Стэфаніды, Уладзімір у 1942 годзе разам з хвораю часта знаходзіцца ў Кобрыне. Там выконвае функцыі сувязнога і набывае лекі для перапраўкі партызанам. Лясныя ваяры былі ўдзячныя за гэткую падтрымку. І ў той жа час, дзейнасць Уладзіміра не выклікала сур’ёзных падазрэнняў у немцаў. 

Але, дапамога партызанам не ўратавала Уладзіміра ад арышту пасля прыхода савецкіх войскаў. Не дапамаглі і хадайніцтвы партызан. У 1945 годзе Уладзіміру Анціпаруку фактычна без суда даюць 10 год лагернага зняволення. Месцам адбыцця пакарання вызначаецца былая Комі АССР (меркавана Ухтаіжэмлаг).

Бесчалавечным было этапаванне вязняў. На некалькі дзён яны цалкам былі пазбаўлены піцця і ежы. Паводле аповедаў Уладзіміра, па прыбыцці да месца прызначэння састава, калі толькі адчынілі дзверы скатавозных вагонаў, людзі кінуліся на снег і елі яго прыгаршчамі, каб хоць як наталіць смагу. Шмат хто і не вытрымаў гэтай дарогі. 

Першыя годы зняволення былі надзвычай цяжкімі. Вага мажнага па целаскладзе ды косці Уладзіміра складала ўсяго толькі 45 кілаграмаў.

Але, прыкладана ад 1949 года сітуацыя мяняецца да лепшага. Вязням палепшылі ўмовы ўтрымання і нават пачалі плаціць нейкія грошы. Нават на гэтыя мізэрныя заробкі Уладзімір умудраўся дапамагаць сям’і і адпраўляў дахаты пасылкі і грошы. Апошні час зняволення за сумленнасць яго накіравалі працаваць на кухню і гэта, зразумела, дапамагала мець нейкае дадатковае харчаванне. 

Ва ўсе лагерныя гады Ульяне ў выхаванні чатырох дзяцей і ў гаспадарцы дапамагаў старэйшчэ брат Уладзіміра — Цімафей са сваёю жонкаю Ксеніяй. Але і над імі пагрозлівай хмараю вісела небяспека раскулачвання ды высылкі. Таму яны былі ці не першымі, хто аддаў сваю маёмасць у калгас. А самі вымушаны былі жыць прогаладдзю.

Вызваленне з лагера і вяртанне дадому адбылося толькі пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе. 

Па вяртанні на Радзіму Уладзімір уладкаваўся працаваць цесляром на адно з прадпрыемстваў Кобрына, а разам з тым ізноў узяўся за дамашнюю гаспадарку, і асабліва любіў пчалярства. У сваёй сям’і ён быў абсалютным аўтарытэтам, як для жонкі, так і для дзяцей ды ўнукаў.

Жыццё радзіны будавалася на сапраўдных патрыярхальных прынцыпах. Сваіх нашчадкаў Уладзімір вучыў нястомнай працавітасці ды глыбокай сумленнасці. Ён заўсёды паўтараў, што ў самых цяжкіх абставінах жыццё было ўратавана сумленнасцю і працавітасцю.

Уладзімір Анціпарук у сталым веку.

Ульяна Анціпарук.

Цікавы адзін з метадаў выхавання ўнукаў, якім карыстаўся дзед. Загаддзя клаў невялічкую манетку ў які-небудзь куточак, а потым даручаў мыць падлогу. Калі рапартавалі аб выкананні задання, ён пытаўся ці была знойдзена манетка. Калі не знойдзена, значыцца праца выканана няякасна і ўсё трэба было перамываць. Калі знойдзена і прыхавана — таксама нядобра. У гэтым бачылася схільнасць прыўлашчыць чужое. Віноўніца павінна была выслухаць працяглае настаўленне пра тое, што ні ў якіх абставінах чужое браць нельга. Нават калі знайшоў, пашукай таго, каму належыць тая капейчына ці тая рэч. 

Выходзілі замуж дочкі, раслі і сталелі ўнукі, нараджаліся праўнукі.

Дом Уладзіміра і Ульяны быў сапраўдным цэнтрам сямейнага розруху. Асабісты прыклад, мудрыя парады бацькі і дзеда дапамагалі маладым ставаць на ногі і не паступацца чалавечымі ды хрысціянскімі прынцыпамі. 

Надзвычай цікавы факт жыцця Уладзіміра ды Ульяны ў тым, што даты іх нараджэння і даты іх смерці супадаюць па дні і месяцы.

Яны абое нарадзіліся 22 чэрвеня і абое памерлі 20 лістапада. Ульяна памерла ў 1981 годзе, а Уладзімір годам пазней — у 1982-м. Пахаваныя яны на старых гарадскіх могілках Кобрына. 

Супакой, міласцівы Божа, іх душы ў святых сяленнях Тваіх!

1
Візьму твій бограч / Адказаць
19.08.2017 / 12:12
Толькі 1900 год - гэта апошні год ХІХ-га  стагоддзя, а не першы ХХ-га.
0
студэнт / Адказаць
19.08.2017 / 12:13
Тут увесь лёс Беларусі ў ХХ стагодзьдзі.
0
Васіль Астрэйка / Адказаць
19.08.2017 / 15:11
Прыгожыя, дужыя людзі, соль зямлі. Інакшай была б наша краіна, калі б яны кіравалі ёй у ХХ ст., а не людзі без роду і племені, адзін з якіх і цяпер яшчэ над намі.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру