22.08.2017 / 00:23

Навукоўцы: дэмакратыя ў краіне залежыць ад нацыянальнага характару 16

Кожны народ валодае сваімі ўнікальнымі рысамі, манерамі паводзін і светапоглядам, але, як высветлілі даследчыкі, усё гэта рэдка супадае з агульнапрынятымі стэрэатыпнымі ўяўленнямі пра нацыянальны характар.

Замкнёны ангелец, наглаваты амерыканец, працавіты японец, агрэсіўны рускі, памяркоўны беларус — такія стэрэатыпы лёгка ператвараюцца ў карыкатуру, але тым не менш прыжываюцца, і пры выпадку менавіта яны адразу прыходзяць у галаву.

Аднак ці можа ў цэлай нацыі быць адна вызначальная рыса?

Калі псіхолагі пратэставалі сотні тысяч прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, яны сапраўды выявілі, што ў кожнай нацыі ёсць свая характэрная асаблівасць. Аднак, як вы ўжо здагадаліся, гэтыя рэальна існуючыя асаблівасці, як правіла, не супадалі з агульнапрынятымі нацыянальнымі стэрэатыпамі.

Зараз мы маем некалькі буйных міжнародных даследаванняў, якія задакументавалі міжкультурныя адрозненні сярэдніх прадстаўнікоў розных нацый. У адным з іх, праведзеным у 2005 годзе Робертам Макра, удзельнічала больш за 12 тысяч студэнтаў, якія прадстаўляюць 51 нацыянальнасць.

Найбольш выяўленымі экстравертамі аказаліся бразільцы, франкамоўныя швейцарцы і мальтыйцы, а менш за ўсё балаў у гэтай катэгорыі набралі нігерыйцы, мараканцы і інданезійцы.

Адкрытасць да новага досведу была ў найбольшай ступені ўласцівая нямецкамоўным швейцарцам, датчанам і немцам, а ў найменшай — кітайцам з Ганконга, паўночным ірландцам і кувейтцам.

Даследчыкі таксама выявілі міжкультурныя адрозненні па трох іншых цікавых асобасных паказчыках — неўратызм, добрасумленнасць і схільнасць дамаўляцца. Найбольш неўратычнымі нацыямі выявіліся японцы і аргентынцы, у той час як у Дэмакратычнай рэспублікі Конга і Славеніі справы з гэтым ідуць найбольш паспяхова.

Што тычыцца схільнасці дамаўляцца, знаходзіць ўзаемапрымальнае рашэнне, то найбольш высокія сярэднія паказчыкі — у той жа Дэмакратычнай рэспублікі Конга і Іарданіі, а вось аўтсайдарах тут Японія і Літва.

Вядома, варта ўлічыць, што атрыманыя высновы — асераднёныя, і многія з інданезійцаў, напрыклад, могуць быць большымі экстравертамі, чым некаторыя з бразільцаў. Да таго ж ёсць пытанні і да інтэрпрэтацыі вынікаў. Ці ўспрымаюць розныя нацыянальнасці згаданыя якасці аднолькава? Ці былі ўдзельнікі апытання самымі характэрнымі прадстаўнікамі сваёй культуры?

Акрамя таго, некаторыя ўдзельнікі схільныя выбіраць экстрэмальныя ацэнкі ў час такіх псіхалагічных тэстаў.

Зрэшты, нават нягледзячы на недасканаласць метадалогіі, на гэты час праведзена некалькі буйных даследаванняў, якія выявілі падобныя заканамернасці. Напрыклад, нацыі, якія атрымалі высокую ацэнку па шкале экстраверсіі, дэманстравалі высокі ўзровень самапавагі.

Аднак хоць нацыі і адрозніваюцца асаблівасцямі характару, гэтыя адрозненні зусім не супадаюць з прынятымі стэрэатыпамі. Вы, напэўна, як і многія, лічыце, што брытанцы больш стрыманыя ў праявах пачуццяў, чым амерыканцы. Аднак вынікі 50 міжкультурных даследаванняў абверглі гэта распаўсюджанае меркаванне.

Сярэдні паказчык экстраверсіі сярод ангельцаў апынуўся вышэй, чым у амерыканцаў (хоць і з невялікім адрозненнем).

Цікава, што мы дрэнна ўяўляем сапраўдны характар нават той нацыі, да якой належым.

У 2005 годзе даследчык Антоніа Тэрачана і яго калегі апыталі каля 4 тысяч (у асноўным студэнтаў) з 49 краін. Яны прасілі вызначыць якасці асобы, уласцівыя нацыянальнасці апытаных, і ў выніку высветлілі, што ўяўленне аб характары тыповага прадстаўніка сваёй нацыі зусім не адпавядала ўжо вызначанаму навукоўцамі.

Зрэшты, калі нацыянальны характар сапраўды існуе, то як можна растлумачыць яго ўзнікненне?

Часткова, вядома, наяўнасцю агульных генаў, звязаных з гісторыяй міграцыі народаў. Так, напрыклад, людзі, схільныя да рызыкі, напэўна, больш падарожнічалі і асвойвалі новыя землі.

Прадстаўнікі ізаляванага насельніцтва, напрыклад, жыхары выспаў, могуць быць больш схільныя да інтраверсіі, бо самыя адчайныя прадстаўнікі іх нацыі даўно адправіліся на пошукі лепшага жыцця.

Навукоўцы вырашылі праверыць гэтую гіпотэзу і правялі шэраг даследаванняў з удзелам жыхароў аддаленых італьянскіх выспаў. Андрэа Чыян з Універсітэта Падуі і яго калегі выявілі, што жыхары выспаў сапраўды былі менш схільныя да экстраверсіі, чым іхнія суседзі на мацерыку.

Жыхары выспаў таксама прадэманстравалі вялікую добрасумленнасць і эмацыйную стабільнасць.

Чыян і яго калегі выявілі, што ген, які, як лічаць, адказвае за рызыкоўныя паводзіны, нячаста сустракаўся ў насельнікаў выспаў. Гэта дазваляе сцвярджаць, што ў кожным канкрэтным грамадстве асобы людзей нясуць генетычна абумоўленыя агульныя рысы.

Навакольнае асяроддзе, несумненна, таксама выконвае важную ролю. Так, адкрытасць новаму досведу і бесшабашнасць менш уласцівыя жыхарам рэгіёнаў, дзе існуе высокая рызыка развіцця інфекцыйных захворванняў.

З пункту гледжання эвалюцыі, гэта цалкам лагічна, бо стрыманыя паводзіны могуць прадухіліць распаўсюджванне хваробы.

Кліматычныя ўмовы таксама здольныя ўплываць на рысы асобы. Напрыклад, недахоп сонечнага святла можа спрыяць развіццю эмацыйнай няўстойлівасці.

Нават шчыльнасць насельніцтва можа адыгрываць пэўную ролю. Апошнія дадзеныя сведчаць аб тым, што жыхары перанаселеных рэгіёнаў больш думаюць пра сваю будучыню і спрабуюць будаваць больш трывалыя адносіны з партнёрам.

Відавочна, гэта абумоўлена высокай канкурэнцыяй. Да таго ж такія паводзіны сведчаць і пра высокі ўзровень добрасумленнасці.

Якімі б ні былі першапачатковыя прычыны, пэўныя рысы характару той ці іншай нацыі падтрымліваюцца на працягу стагоддзяў. Паколькі, як паказваюць апошнія дадзеныя, людзей прыцягвае жыццё менавіта ў тых рэгіёнах, жыхары якіх маюць падобны з імі тэмперамент.

Развагі пра нацыянальны характар насамрэч не такія бескарысныя, як можа здацца на першы погляд. Агульныя рысы, уласцівыя нацыі, могуць уплываць на яе дабрабыт, задаволенасць жыццём, узровень карупцыі, здольнасць да інавацый і нават на здароўе.

Высокі ўзровень неўратызму, напрыклад, трывала звязаны з негатыўнымі наступствамі для здароўя і можа быць прычынай трывожнасці і дэпрэсіі, а таксама хранічных захворванняў сэрца або дэменцыі.

Лагічна выказаць здагадку, што нацыі з высокім узроўнем неўратызму больш схільныя да фізічных і псіхічных хвароб.

Нацыянальны характар можа ўплываць нават на палітычную сістэму ў краіне. Летась даследчыкі Вашынгтонскага ўніверсітэта ў Сэнт-Луісе параўналі пераважныя рысы сярэдніх прадстаўнікоў розных нацый з палітычнымі сістэмамі ў іх краінах.

Яны высветлілі, што нацыі, якія валодаюць большай адкрытасцю, як правіла, маюць больш дэмакратычнае грамадства.

Аўтар даследавання Джоан Барсела тлумачыць гэта тым, што грамадзяне шырокіх поглядаў, якія непрадузята адносяцца да чужых перакананняў, больш актыўна адстойваюць права на самавыяўленне і менш залежаць ад традыцыйных каштоўнасцяў.

Дадзеныя яе даследавання, мяркуючы па ўсім, падмацоўваюць гэты пункт гледжання.

«Характар нацыі можа куды больш уплываць на фарміраванне дэмакратычнага грамадства, чым лічылася раней», — падкрэслівае Барсела.

Высновы ўсіх гэтых даследаванняў прымушаюць задумацца аб правільнасці нашых поглядаў на характар і паводзіны прадстаўнікоў іншых нацый.

Як адзначаў яшчэ ў 2005 годзе псіхолаг Рычард Робінс, «стэрэатыпныя ўяўленні аб характары таго ці іншага народа — гэта сацыяльныя канструкты, створаныя для абслугоўвання канкрэтных грамадскіх мэтаў».

Іншымі словамі, вашае меркаванне аб пэўнай нацыі значна больш кажа пра вас саміх і пра тое грамадства, дзе вы жывяце, чым пра сапраўдны характар рэальных прадстаўнікоў той ці іншай краіны або нацыянальнасці.

8
Н. Д. / Адказаць
22.08.2017 / 00:33
Дэмакратыя гэта перш за ўсё грамадскія інстытуты і законы, а не нацыянальны характар. Каб гэта праверыць дастаткова паглядзець на паўночнакарэйцаў і паўднёвакарэйцаў - адна нацыя, адзін этнас, а адносіны да дэмакратыі дыяметральна супрацьлеглыя.
5
Ляксей / Адказаць
22.08.2017 / 06:12
Гэты пасыл ўжо даўно агучыў адзін вядомы "эксьперт" - сядзі ка ты народзец-інтравертец на нашай выспе стабільнісці бы мыш пад дзеркачом  - бо дэмакратыя не для цябе...
6
так проста / Адказаць
22.08.2017 / 07:05
Лухта. Дзве Карэі.
Паказаць усе каментары/ 16 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру