Віртуальная нацыя — ня менш сур’ёзная і моцная супольнасьць людзей, чым папярэднія яе формы. Піша Сяргей Богдан.

Сёньняшні культуркампф улады і яе савецкай культуры зь несавецкай нацыянальнай культурай нагадвае біблійнае паданьне пра пачвару Галіяфа, які самаўпэўнена зьбіраўся зьнішчыць малога Давыда. У адкрытым баі асілак Галіяф перамог бы. Так адміністрацыйная машына беларускай дзяржавы можа перамалоць адкрытых праціўнікаў сталінскай спадчыны.

Але ўрэшце Давыд пераможа Галіяфа. Бо застасуе розум, вынайдзе новую прыладу, пазьбегне традыцыйнага двубою, схітруе. Сёньня носьбіты несавецкай культуры вынаходзяць новыя прылады для барацьбы і працуюць у сфэрах, якія будуць вырашаць будучыню, тады як улады змагаюцца састарэлымі гвалтоўнымі мэтадамі і дзейнічаюць, як той Галіяф.

Драконаўскія законы пра мову і СМІ нашкодзяць нацыянальнаму руху, але яго ня спыняць. Незалежная супольнасьць засвойвае сфэры, якія не паддадуцца дзяржрэгуляваньню ўжо з тэхнічных прычынаў — перш за ўсё электронныя тэхналёгіі. Вырашальнае значэньне будзе мець заваяваньне інтэрнэт‑прасторы, ключавой для разьвіцьця ў новую эпоху.

Назад у Афрыку!

Цяперашняя палітыка беларускай дзяржавы пераводзіць краіну ў мадальнасьць існаваньня Трэцяга сьвету. Гісторык Мошэ Левін апісаў падобную зьяву «дэцывілізацыі» — цывілізацыйнага адкату ў першыя дзесяцігодзьдзі савецкай улады. Вядома, пад гэтай зьявай звычайна маюцца на ўвазе больш экстрэмальныя праявы, чым у сёньняшняй Беларусі — прыкладамі дэцывілізацыі францускі дасьледнік Нікаля Вэрт называе людаедзтва ў ГУЛАГу і выкарыстаньне бяросты яго адміністрацыяй — але ідэя тая самая — чалавецтва можа разьвівацца ва ўсіх кірунках, у тым ліку і назад.

БССР‑РБ была квазі‑дзяржавай Другога сьвету — зь яе ідэалягізаванай паказной прагрэсіўнасьцю і мадэрнасьцю ды прэтэнзіяй на стварэньне альтэрнатывы, іншага шляху.

Сёньняшнім беларускім уладам не да паказной прагрэсіўнасьці ці тварэньня нейкай альтэрнатывы для іншых. Супэрзадача сьціплая — утрымаць сытуацыю пад кантролем пэўнага кола асобаў. Няма завоблачных мэтаў, можна згарнуць задарагую інфраструктуру. Гэта — пэўны шлях у Трэці сьвет зь яго захаваньнем улады дзейнымі кіраўнікамі як адзіным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі.

Зьмена мадальнасьці існаваньня беларускай дзяржавы — не такі абстрактны фэномэн, як можа падацца. Вымушана адышоўшы ад вялікіх праектаў (савецкай рэстаўрацыі, інтэграцыі з Расеяй), лукашэнкаўская дзяржава перажывае працэс спрашчэньня, зьніжэньня ўзроўню складанасьці арганізацыі.

Спрашчэньне арганізацыі не азначае скарачэньня дзяржаўнага кантролю ці распаду дзяржавы. Проста ва ўсіх сфэрах мае месца скарачэньне інстытуцыяў і праектаў, якія ня маюць істотнага значэньня і ўтрымліваць якія ўраду задорага. Многія зь іх былі запачаткаваныя яшчэ за савецкім часам ці ў эўфарыі першых гадоў незалежнасьці, ды былі пытаньнем прэстыжу. У прыватнасьці, дзяржава ідзе на скарачэньне акадэмічных інстытутаў, асабліва гуманітарных.

Асабліва паказальнымі ў гэтым сэнсе сталі зьмены ў сыстэме адукацыі, з выразнай тэндэнцыяй да рэдукцыі. Пры ўсіх запэўніваньнях у імкненьні да тэхналягічных вышыняў і інавацыі, дзяржава рэзка скараціла колькасьць навучальных гадзінаў і курсаў.

Скарацілі праграмы ў ВНУ, а таксама тэрміны навучаньня ў іх, пры адначасовым ўмацаваньні кантролю над студэнтамі праз адсеў ня толькі пры паступленьні іх у магістратуру і асьпірантуру, але і праз сумоўі пры паступленьні ў ВНУ на важныя ў пляне кіраваньня дзяржавай спэцыяльнасьці. Пры тым найвышэйшыя асобы ўраду неаднаразова казалі пра празьмерную ўвагу да ўнівэрсытэтаў і недастатковую ўвагу да рабочых прафэсіяў, што ёсьць нонсэнсам ў кантэксьце імкненьня да «інавацыйнага разьвіцьця».

Рэдукцыя закранула і сярэднюю школу, якая адраклася ад плянаў пераходу на 12‑гадовую адукацыю. Школа затое загрузае ў ідэалягізацыі. Мінадукацыі дазваляе дзейнічаць у навучальных установах арганізацыям, якія ў дэмакратычных дзяржавах былі б пад пільным наглядам органаў аховы канстытуцыйнага ладу, — як то казакі. Ідзе працэс дэградацыі школы савецкага тыпу ў школу, характэрную для аўтарытарных краінаў Трэцяга сьвету.

Сытуацыя ў сфэры камунікацыяў таксама больш выразна сьведчыць пра тэндэнцыі ў дзяржаўнай палітыцы, чым усе заявы пра стварэньне тэхнапаркаў. Пра перавагу прыватных інтарэсаў цяперашняга моманту над стратэгічнымі меркаваньнямі разьвіцьця дазваляе казаць, у прыватнасьці, неразьвітасьць доступу ў інтэрнэт, яго высокая цана — ці не найвышэйшая ў Эўропе. Яна тармозіць разьвіцьцё краіны, але дазваляе атрымліваць звышпрыбыткі манапалістам і дапамагае ў захаваньні ўлады.

Стваральнае разбурэньне

Але ў тым, што адбываецца зь Беларусьсю, ёсьць і пазытыўны аспэкт. За гады безьдзяржаўнасьці беларусы разьвілі фанатычнае дзяржаўніцтва. Дзяржава, а тым больш быццам бы незалежная, падавалася проста самамэтай, ідалам. Пара зразумець, што дзяржава і нацыя ў Беларусі зусім розныя рэчы.

Што да нацыянальнай культуры, дык цяпер (у тым ліку пад ударамі новай палітыкі рэжыму Лукашэнкі) развальваецца магутная каляніяльная і савецкая спадчына, але тое, што рэжым прапануе наўзамен ім, ня мае пад сабой трывалай ідэйнай, матэрыяльнай і арганізацыйнай асновы (дастаткова параўнаць марксісцкі ВЛКСМ і цяперашні кліенталісцкі БРСМ).

Як вынік, нягледзячы на ўсю варожасьць рэжыму Лукашэнкі да праяваў несавецкае нацыянальнае культуры, разбурэньне савецкіх падмуркаў ды прапаганда крэольскага патрыятызму патэнцыйна стварае новыя магчымасьці для несавецкае беларускае культуры.

Інтэрнэт‑нацыя

Упершыню ў гісторыі беларускай мовы склалася такая сытуацыя, што роля пісьмовае мовы большая, чым вуснай. Яна дыспрапарцыйная, але гэта сьведчыць пра разьвітасьць нацыі, хоць і аднабаковую. Белмова стала мовай, на якой перадусім чытаюць і пішуць, і толькі ў апошнюю чаргу размаўляюць. Таму ўнармаваньне пісьмовае мовы стала такім гарачым пытаньнем. Спробам навукоўцаў упарадкаваць клясычную тарашкевічную норму рэжым супрацьпаставіў рэпрэсіўны закон аб правапісе.

Рэпрэсіўны закон у доўгатэрміновай пэрспэктыве — на карысьць тарашкевіцы. Правапісная рэформа прывядзе да дыскрэдытацыі афіцыйнага канону празь яго нестабільнасьць ды палітызаванасьць (чаго вартыя адныя правілы напісаньня вялікіх літараў!) і, адпаведна, непрактычнасьці. У той самы час падвысіцца і без таго значная роля неафіцыйнай белкультуры ў інтэрнэце і на ўсіх відах лічбавых носьбітаў, бо месца ў традыцыйных мэдыях ім не пакідаюць. Фактычна, закон выціскае тарашкевіцу і людзей, што карыстаюцца ёй, у сфэру высокіх тэхналёгіяў ды прымушае іх прайсьці мадэрнізацыю. Дзяржава ж вядзе цяпер барацьбу за «загадзя страчаны пляцдарм», асуджаны гісторыяй на зьнікненьне сэктар культуры — папяровыя носьбіты і традыцыйныя інстытуцыі ды пісьменьнікаў. Яе кантроль над гэтым сэктарам ужо не вызначае будучыні культуры (хоць мо яшчэ і вызначае цяперашні яе дзень) і з кожным днём вызначацьме ўсё менш.

Калі прыхільнікі тарашкевіцы будуць дастаткова актыўнымі ў інтэрнэт‑прасторы, дык больш пасіўныя суайчыньнікі трапяць на тэрыторыю, ужо дэмаркаваную прыхільнікамі несавецкай беларускай культуры і зь вялікай імавернасьцю зазнаюць прынамсі некаторы яе ўплыў. Выйграе той, хто прыйдзе першы і расставіць свае вешкі. Інтэрнэт становіцца будаўнічай пляцоўкай для будучага разьвіцьця нацыі. Пакуль што digital gap — лічбавая фора, разрыў у выкарыстаньні электронных тэхналёгіяў — на карысьць альтэрнатыўнай беларушчыны.

Яскравым прыкладам стала «Вікіпэдыя», дзе колькасьць артыкулаў у «афіцыйнай» вэрсіі нібыта і большая за тарашкевічную, але і аб’ём артыкулаў тарашкевіцай большы, і якасьць лепшая. Між тым менавіта даступнасьць усебаковай інфармацыі на белмове стане вырашальным чыньнікам у нацыянальным разьвіцьці. Таму мова «Вікіпэдыі» і Жывых часопісаў ня менш важная за мову «Беларускай энцыкляпэдыі» і «Звязды».

Ня трэба сьцябацца зь «віртуальнасьці» і «інтэрнэтнасьці» нашае нацыі. Гэта новая прастора камунікацыі, прастора будучыні. Як некалі супольнасьці Старажытнасьці камунікавалі на форумах і вечах, мы сёньня зносімся ў нэце. Віртуальнасьць — гэта дадатная рыса ў гэтай характарыстыцы. З газэтаў, радыё ды ТБ таксама спачатку кпілі і лічылі іх несур’ёзнымі сродкамі. Віртуальная нацыя — ня менш сур’ёзная і моцная супольнасьць людзей, чым папярэднія, звыклыя нам формы яе.

Воля да жыцьця

У канчатковым рахунку лёс нашае культуры залежыць ад надзвычай суб’ектыўных чыньнікаў, перш за ўсё таго, што можна назваць воляй да жыцьця, настойлівасьцю. Ад таго, ці мы гатовыя трымацца свайго. Цяперашнія абмеркаваньні пераходу на афіцыйны правапіс трывожаць — замест таго, каб трымацца свайго і пратэставаць супраць гвалту (шукаючы, вядома, шляхоў выжываньня), усё часьцей гаворыцца пра «яднаньне» і «дыялёг».

У нямецкім грамадзтве зь яго досьведам вызваленьня ад таталітарызму ў прынцыпе не дыскутуюць з аматарамі знайсьці апраўданьні для рэжыму Гітлера, адшукаць у дзеяньнях нацыстаў нейкую праўду. Бо ёсьць рэчы, якія мусяць быць проста асуджаныя, і дзеля гэтага ня варта ў тысячны раз пераправяраць факты злачынстваў фюрэра. Вось гэтага часам бракуе беларусам, якія хочуць знайсьці праўду ў словах заведама фальшывых людзей. Самавольны дзяржаўны гвалт і парушэньні правоў мусяць быць адназначна асуджаныя, а не абмяркоўваныя на прадмет іх гіпатэтычнай рацыі і карысьці.

Асабліва гэтая загана небясьпечная ў спалучэньні зь нігілізмам і ўсеагульнай узаемаадасобленасьцю. Мы ўпарта не прызнаём сваіх навукоўцаў і творцаў за аўтарытэты! У выніку адзінымі аўтарытэтамі становяцца «дэпутаты Здановічы». Канчатковым жа арбітрам пры такім падыходзе робіцца дзяржава, бо паасобныя дзеячы нацыянальнай культуры не карыстаюцца павагай, а інстытуцыйнае разьвіцьцё ўстановаў нацыянальнай культуры застаецца слабым. Фактычна, мае месца нігілізм у дачыненьні ня толькі да творцаў, але і да здабыткаў беларускае культуры. У выніку ня складваецца агульнанацыянальнага кансэнсусу па культурніцкіх пытаньнях і ўвесь час адбываецца малаабгрунтаваная рэвізія нават фундамэнтальных прынцыпаў.

Чаму так? Бо згаданы вышэй працэс дэградацыі распаўсюджваецца ня толькі на ўрадавыя, але і на апазыцыйныя структуры. Мае месца рэгулярны рэгрэс узроўня складанасьці грамадзкай арганізацыі (згадайма прафсаюзы і няўрадавыя арганізацыі). Гэта выклікана ня толькі рэпрэсіямі, якія зьнішчалі старыя структуры і не дазвалялі паўстаць на іх месцу новым (як то ў выпадку СМІ). Гэта выклікана і аб’ектыўнымі ўмовамі сацыяльна‑эканамічнага становішча ў краіне. Таму так істотныя любыя намаганьні нацыянальнага руху ў напрамку супольных, калектыўных дзеяньняў. На ўзроўні індывідуальных чынаў перамагчы немагчыма. І гаворка не пра мільённыя кампаніі і рэгістрацыю масавых партыяў. Ідзецца пра любую справу, якую мы робім не самотна. Хай гэта нават проста талака. Трымацца разам — закон нацыянальнай перамогі.

* * *

Ацэньваючы сучасную сытуацыю нацыянальнага руху варта зважаць ня толькі на раскладку сілаў у традыцыйных яе катэгорыях, але і на тэндэнцыі. Перш за ўсё на выкарыстаньне новых ідэяў, тэхналёгіяў і палёў для змаганьня — хто ваюе сілай, а хто розумам. Таму і пэрспэктывы белмовы, у прыватнасьці тарашкевіцы, трэба ацэньваць ня толькі ў сьвятле будучай адміністрацыйнай забароны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?