Беларускія валейбалісткі саступілі Расіі з лікам 0:3 (25:18, 25:20, 25:19) у заключным матчы папярэдняга этапу юніёрскага чэмпіянату свету, які праходзіць у Аргенціне, паведамляе карэспандэнт БелТА.

Для беларускай каманды мінулы матч стаў чацвёртым запар за чатыры дні. Назапашаная стома адбілася на гульні падапечных Наталлі Мелянюк. Расіянкі ўпэўнена дзейнічалі на падачы мяча і блакавалі атакі лідараў беларусак Ганны Грышкевіч (11 ачкоў) і Веры Касцючык (7 ачкоў).

Пасля чатырох матчаў зборная Беларусі ў групе В займае другое месца: 1. Расія - 3 перамогі (3 матчы). 2. Беларусь - 3 (4). 3. Бразілія - 1 (2). 4. ЗША - 0 (2). 5. Мексіка - 0 (2).

Чатыры найлепшыя каманды з групы выходзяць у плэй-оф чэмпіянату свету.

У плэй-оф, які стартуе 23 жніўня, беларускі згуляюць з адной з каманд групы А. Тут выступаюць Аргенціна, Германія, Рэспубліка Карэя, Славенія і Куба.

Юніёрская зборная Беларусі па валейболе сярод дзяўчат у другі раз за апошнія 20 гадоў гуляе ў фінальнай стадыі чэмпіянату свету. Гэтага права беларускі дабіліся, паспяхова выступіўшы на чэмпіянаце Еўропы ў галандскім Арнеме ў красавіку бягучага года, дзе занялі трэцяе месца.

Чэмпіянат свету па валейболе сярод гульцоў да 18 гадоў праходзіць у аргентынскіх гарадах Санта-Фе і Расарыё. Пераможца і прызёры турніру вызначацца 28 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0