У Гомельскай вобласці з пачатку 2008 года на прымусовае лячэнне ад алкагалізму ва ўмовах лячэбна‑працоўнага прафілакторыя (ЛПП) накіраваны 104 жыхаркі рэгіёну.

За аналагічны перыяд мінулага года суды накіравалі на лячэнне 54 жанчын‑алкаголікаў.

Як паведаміў БелаПАН намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі УУС Гомельскага аблвыканкама Анатоль Васільеў, за сем месяцаў гэтага года пацыентамі ЛПП сталі 498 жыхароў вобласці. У органах аховы здароўя на ўліку знаходзіцца 40,7 тыс. алкаголікаў, з іх больш за 13 тыс. — на прафілактычным уліку, 27,5 тыс. — на дыспансерным.

«У мэтах прафілактыкі правапарушэнняў асаблівая ўвага надаецца ўзаемадзеянню з судамі па правядзенні выязных судовых пасяджэнняў, на якіх прымаецца рашэнне аб накіраванні ў ЛПП асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, — зазначыў А.Васільеў. — Гэтая форма работы мае вялікі грамадскі рэзананс, асабліва ў сельскай мясцовасці, і з’яўляецца эфектыўнай мерай уздзеяння ў дачыненні да асоб, схільных да ўчынення правапарушэнняў».

З пачатку года праведзена 105 выязных судовых пасяджэнняў па ізаляцыі ў ЛПП хранічных алкаголікаў. Разам з тым, паводле інфармацыі ўпраўлення прафілактыкі, у Ельскім, Лельчыцкім і Светлагорскім раёнах работа па гэтым кірунку службовай дзейнасці наогул не ажыццяўлялася, а ў Добрушскім, Веткаўскім, Буда‑Кашалёўскім, Жлобінскім і Рагачоўскім раёнах праведзена толькі па два пасяджэнні. Па пяць выязных пасяджэнняў правялі ў Мазырскім, Чачэрскім і Савецкім раёне Гомеля.

Паводле звестак упраўлення прафілактыкі, у 2007 годзе 313 жыхароў Гомельскай вобласці памерлі ад атручэння сурагатным алкаголем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?