Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі звярнулася за тлумачэннямі ў суд Заводскага раёна Мінска наконт выканання судовага рашэння па справе аб кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды ў справе сям’і Ігара Пцічкіна, які загінуў у СІЗА № 1.

«Планам рахункаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь не прадугледжаныя выплаты на выкананні рашэнняў судоў у частцы пакрыцця грамадзянам прычыненай шкоды. Адпаведнага бюджэтнага фінансавання міністэрства не атрымлівае», — паведамляецца ў лісце МУС.

Суд Заводскага раёна 23 сакавіка пастанавіў спагнаць з Міністэрства ўнутраных спраў 30 тысяч рублёў маральнай і яшчэ 6 тысяч рублёў матэрыяльнай кампенсацыі на карысць маці і сястры загінулага ў СІЗА Ігара Пцічкіна.

Судовае рашэнне ўступіла ў сілу, аднак дагэтуль маці і сястра Пцічкіна не атрымалі ніводнага рубля кампенсацыі. МУС па-ранейшаму выкарыстоўвае розныя зачэпкі, каб адмовіцца,паведамляюць праваабаронцы-вясноўцы.

Жанна Пцічкіна з дапамогай праваабаронцаў спрабуе вырашыць праблемную сітуацыю і прымусіць міліцэйскае ведамства выканаць абавязальніцтвы, ускладзеныя на яго ў судовым парадку.

Жыхар Мінска Ігар Пцічкін памёр 4 жніўня 2013 года праз некалькі дзён адсідкі на «Валадарцы», дзе адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, не маючы правоў. У медчастцы ўстановы да яго былі ўжытыя «меры фізічнага стрымлівання ў выглядзе фіксацыі рамянямі». У такім стане Пцічкін знаходзіўся больш за 20 гадзін да моманту смерці. Адміністрацыя ізалятара заявіла, што малады чалавек памёр ад сардэчнай хваробы, але сваякі выявілі на целе сінякі і сляды пашкоджанняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0