У прыбярэжных водах Капенгагена выяўлена жаночае тулава без галавы і канцавін, аднак, паводле заявы паліцыі, пакуль рана звязваць знаходку з нядаўнім знікненнем журналісткі Кім Валь.
Апошні раз Валь бачылі на падводнай лодцы вынаходніка Петэра Мадсэна вечарам 10 жніўня.
Мадсэну выставілі абвінавачванні ў ненаўмысным забойстве. У панядзелак ён заявіў на судзе, што Валь загінула ў выніку няшчаснага выпадку і ён «пахаваў» яе ў моры.
46-гадовы вынаходнік распавёў, што пахаваў цела загінулай у моры ў бухце Кеге на поўдзень ад Капенгагена. На пошукі былі накіраваныя вадалазы, верталёты і выратавальныя судны, якія з пятніцы прачэсваюць маршрут падводнай лодкі.
Цела, у якога адсутнічаюць рукі, ногі і галава, было знойдзена ў раёне пошукаў.
Прадстаўнік паліцыі Капенгагена Енс Молер сказаў: «Зразумела, што паліцыя, як і СМІ і ўсе астатнія, мяркуюць, што знойдзеныя парэшткі належаць Кім Валь, але цяпер яшчэ зарана нешта сцвярджаць».
Кім Валь узнялася на борт лодкі 10 жніўня — і прапала.
Кім Валь было 30 гадоў, яна працавала ў Нью-Ёрку журналісткай-фрылансеркай і пісала для газет New York Times, Guardian, а таксама для часопіса Vice.
Журналістка рыхтавала матэрыял пра Петэра Мадсэна і яго «Наўтылус», які нейкі час лічыўся самай вялікай прыватнай падводнай лодкай у свеце.
Субмарына была пабудавана ў 2008 годзе. Мадсэн сабраў грошы на яе стварэнне з дапамогай краўдфандынгу.
Меркавалася, што яе паездка будзе кароткай, аднак раніцай у пятніцу сябар Кім Валь паведаміў аб яе знікненні. З тых часоў журналістку не могуць знайсці.
Раней Мадсэн казаў, што высадзіў журналістку на адной з выспаў у ваколіцах Капенгагена перад крушэннем субмарыны, якое адбылося ўвечары 10 жніўня. Яму самому ўдалося выратавацца, але абставіны караблекрушэння невядомыя.
Адразу пасля затрымання Мадсэн казаў, што невялікая праблема ў баластавым адсеку прывяла да вялікай аварыі. Лодка затанула імкліва, казаў ён, і нічога нельга было зрабіць.
Пазней дацкая паліцыя заявіла, што падлодку затапілі наўмысна. У паліцыі не ўдакладнілі пры гэтым, чаму прыйшлі да такой высновы.