Улада1111

Гісторыя сям’і Комлікаў: спачатку на Валадарцы па палітычнай справе сядзеў сын, цяпер — бацька

Ігар Комлік — бухгалтар прафсаюза РЭП — працягвае знаходзіцца ў ізалятары на Валадарскага па крымінальнай справе аб нясплаце падаткаў. Комлік прызнаны палітвязням. Таксама па гэтай справе праходзіць кіраўнік РЭПа Генадзь Фядыніч.

Адметнасць справы Ігара Комліка ў тым, што трохі больш за месяц таму з Валадарскага выйшаў ягоны сын Андрэй Комлік-Ямацін (другое прозвішча ён узяў пасля шлюбу), які праходзіў па так званай справе «Белага легіёна».

Хто такі Ігар Комлік? Напэўна, ніхто не раскажа найлепей, чым сын. Андрэй Комлік-Ямацін апавядае пра тату.

«Бацька нарадзіўся ў Мінску ў 1959 годзе. Вучыўся на інжынера ў Політэхнічным інстытуце, потым працаваў на заводзе дакладнага машынабудавання «Планар». Гадоў пятнаццаць таму ён пачаў актыўна займацца прафсаюзнай дзейнасцю. Была гісторыя, як на «Планары» кіраўніцтва завода расфармавала прафсаюзную ячэйку, а бацьку нават не пусцілі ў будынак.

Пазней ён скончыў юрыдычны факультэт МІТСО. Бацька быў прадстаўніком прафсаюза РЭП па Мінску і Міншчыне, а потым вывучыўся яшчэ на бухгалтара, стаў працаваць у гэтай галіне.

Сям’я добра паставілася да ягонай прафсаюзнай дзейнасці. Што тут кепскага? Ён жа займаўся абаронай правоў працоўных, правоў чалавека, уступаў у супярэчнасці з нашай недасканалай дзяржаўнай сістэмай. Гэта ўсё высакародныя справы.

Ён працаваў па шэсць дзён на тыдзень: ад восьмай ранку да дзясятай вечара. Браў шмат працы дадому, сядзеў вечарамі за паперамі. Часу ні на якое хобі ў яго не заставалася, бо людзей вельмі шмат прыходзіла, а ён спрабаваў з кожным пагутарыць, у кожнай справе разабрацца, зрабіць усё дасканала.

Яго абвінавачваюць у нейкай нажыве? Пра што вы! Ён жыў з маёй маці ў кватэры, якую яшчэ мой дзядуля размяняў і падарыў яму ў 1985 годзе, я на той момант яшчэ нават не нарадзіўся.

Да апошняга часу бацька ездзіў на машыне 1987 года, таксама яшчэ дзядулевай. Гэта васьмёрка «Жыгулі». Толькі літаральна два гады таму купіў сабе навейшую машыну.

Ягоныя бацькі працавалі на Трактарным заводзе. Здаецца, абое былі героямі працы. Дзед быў з дзіцячага дома, ён дапамагаў у эвакуацыі, рабіў патроны, снарады, працаваў з шасці гадоў. Дзед, калі звольніўся з завода, то яшчэ дома працаваў аж да самай смерці… Звычайныя працоўныя людзі.

Я адзіны сын у Ігара Комліка, у яго двое ўнукаў — Усяслаў і Васіль.

Кантакт маю праз адваката і лісты. Лісты, здаецца, нармальна ідуць. Ёсць цэнзура, але пошта даходзіць. Адзін раз ён маляваў унуку карцінку Пішчалаўскага замка, дык цэнзура абарвала гэты малюнак. Можа, яны вырашылі, што гэта нейкая сакрэтная інфармацыя?

Бацька трымаецца добра. Просіць, каб мы лічылі, што ён на вайсковых зборах, бо ўсё як у арміі. Ён служыў у памежных войсках, здаецца, дзесьці на Урале.

Маці цяжка, канечне. Няпроста ёй ўспрымаць і маё зняволенне, і бацькі. Яна пенсіянерка, нідзе не працуе. Цяпер сядзіць на лецішчы у Радашковічах, стараюся прыязджаць часам да яе, дапамагаць. І сыноў сваіх адпраўляю дапамагаць. Працы там шмат, маці з бацькам прападалі там увесь час, такія агароднікі яны.

Збіраліся рабіць перапланіроўку доміка, акурат перад гэтым затрыманнем. Бацька збіраўся ісці ў адпачынак, ён у яго бывае раз на паўтара года, не часцей. Збіраўся паездзіць з унукам Усяславам па Беларусі, але вось не атрымалася…

Спадзяванні, што ўсё хутка скончыцца, вядома, ёсць. Каб хаця б іх адпусцілі, як нас, на волю. Гэта справа высмактаная з пальца.

Ён знаходзіцца не ў той камеры, дзе сядзеў я. Шчыра кажучы, нават не ведаю, дзе ягоная камера. Магчыма, дзесьці каля бальнічкі.

Я ўсё яшчэ знаходжуся ў статусе абвінавачанага. Ніякіх следчых дзеянняў цяпер не адбываецца. Чакаю, можа, вернуць мне рэчы, бо хлопцам ужо вярнулі.

Ці атрымліваецца цяпер развіваць брэнд адзення Terram album? У мяне ўсе асноўныя матэрыялы знаходзяцца ў канфіскаваным камп’ютары. Спрабуем з жонкай нешта аднавіць, некалькі замоваў было. Нешта паціху робім, развіваемся. Ёсць планы перарабіць усё, зрабіць больш брэндавым. Пакуль сядзеў, шмат розных ідэяў прыходзіла ў галаву.

Бацька чалавек справядлівы, мужны, нацыянальна свядомы, ён адстойвае праўду ва ўсім. Канечне, ён паўплываў на тое, кім я стаў. Бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» для бацькі, канечне, каштоўнасць, як для любога беларуса. Не сказаць, каб ён быў вельмі палітызаваны, сваёй галоўнай справай ён лічыў абарону людзей».

Каментары11

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Шынвізэ — кончаны садыст». Адзін з адыёзных начальнікаў калоніі Бабруйска перабраўся ў Германію28

«Шынвізэ — кончаны садыст». Адзін з адыёзных начальнікаў калоніі Бабруйска перабраўся ў Германію

Усе навіны →
Усе навіны

Кіроўца быў моцна п’яны, паехаў па абочыне. Падрабязнасці трагедыі на трасе М2, дзе загінуў 16-гадовы трыятланіст11

4000 на старт. Як хлопец без досведу ў бізнэсе запусціў клінінг, а цяпер дапамагае з гэтым іншым

Сустрэча Пуціна і Трампа адбудзецца на вайсковай базе ЗША на Алясцы5

Чарговая беларуская гульня ў кальмара — студэнтка расказала, як адстаяла чаргу на інтэрнат3

Віцэ-спікерка КР Лізавета Пракопчык прызналася, што ёй тройчы не хапіла месца на канферэнцыі «Новая Беларусь»13

Віцебскі завод радыёдэталяў «Маналіт» вырабляе кампаненты для расійскага ВПК, у тым ліку на абсталяванні з ЕС3

Электрамантажнік Хазін абверг Ціханоўскага і пахваліўся, што яго акцыя «Ультыматум» прывяла да вызвалення палітвязняў10

Медыцынскага чыноўніка аблвыканкама затрымліваў за хабар спецназ

У сталіцы пачынаецца абмеркаванне генеральнага плана Мінска. Што чакае горад у будучыні4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шынвізэ — кончаны садыст». Адзін з адыёзных начальнікаў калоніі Бабруйска перабраўся ў Германію28

«Шынвізэ — кончаны садыст». Адзін з адыёзных начальнікаў калоніі Бабруйска перабраўся ў Германію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць