Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка мае намер ініцыяваць увядзенне міратворчай місіі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый на Данбас на сесіі Генеральнай асамблеі ААН у ЗША ў верасні, паведамляе УП.
Пра гэта ён сказаў, выступаючы ў аўторак у Севераданецку.
«Пытанне міратворчай місіі ААН і ўзброенай місіі АБСЕ прасоўваецца даволі цяжка. Усё ўпіраецца ў катэгарычнае нежаданне Расійскай Федэрацыі ўсталяваць мір на Данбасе», — сказаў ён.
«Але я ўпэўнены, вада камень точыць. Таму ідэю з міратворцамі я збіраюся ў наступным месяцы прадставіць у Нью-Ёрку на сесіі Генеральнай асамблеі ААН», — дадаў Парашэнка.
Ён падкрэсліў, што краіна-агрэсар з'яўляецца пастаянным членам Рады бяспекі ААН і валодае правам вета.
«Але гэта не значыць, што мы не павінны дамагацца такога рашэння», — дадаў ён.