У Мядзельскім раёне мужчына пасля спробы забойства сястры і яе сяброўкі больш за месяц хаваўся ў лесе, паведамілі БелТА ва УУС Мінаблвыканкама.

Спроба забойства адбылася ўвечары 10 ліпеня ў вёсцы Коркі: 47-гадовы Валянцін Сяргей ударыў нажом у шыю сваю сястру і яе сяброўку. Пасля гэтага хаваўся ў лясах або ў закінутых дамах Мядзельшчыны.

Мужчыну шукалі супрацоўнікі міліцыі і Следчы камітэт. Як паведамілі ва УУС Мінаблвыканкама, вечарам 22 жніўня падазраванага знайшлі і затрымалі міліцыянты. «Падчас пошукаў уцекача быў вызначаны ўчастак мясцовасці больш за 30 га лесу і балот, дзе, хутчэй за ўсё, хаваўся мужчына. Ён вельмі добра ведаў мясцовасць, што ўскладняла пошукавыя мерапрыемствы. Для яго пошукаў выкарыстоўваліся верталёт, цеплавізары, тэхнічнае садзейнічанне аказвалі работнікі нацыянальнага парку «Нарачанскі», — праінфармаваў часовы выканаўца абавязкаў начальніка Мядзельскага РАУС Уладзімір Ермаловіч.

Некалькі разоў мужчыну заўважалі мясцовыя жыхары, аднак ён адразу хаваўся, уцякаў у лес, таксама стала зразумела, што перыядычна ён начуе ў нежылых дамах. Там, а таксама ля дарог, дзе падазраваны мог прадаваць сабраныя ім грыбы і ягады, выстаўляліся засады.

«Увечары 22 жніўня паблізу аднаго з хутароў каля вёскі Дубнікі таксама была выстаўлена засада. Там падазраваны быў заўважаны, спрабаваў схавацца, але быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі», — распавёў Уладзімір Ермаловіч. Цяпер затрыманы знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, з ім працуюць следчыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0