Днём 18 ліпеня ў незачынены дом у вёсцы Кажухоўцы Дзятлаўскага раёна пад выглядам сацыяльнага работніка пранікла жанчына.
Яна распавяла, што правярае побытавыя ўмовы пенсіянераў, якія жывуць самотна, пасля старым нібыта даналічаць надбаўку да пенсіі. Жанчына прапанавала 86-гадовай гаспадыні паказаць, ці захоўваюцца ў доме грашовыя сродкі. Высветліўшы, дзе захоўваюцца зберажэнні, жанчына пакінула жыллё, затым тайна вярнулася і скрала 250 рублёў.
Па факце крадзяжу следчыя распачалі крымінальную справу, высветлілі асобу падазраванай. Гэта была 33-гадовая жыхарка Слоніма, якая знаходзіцца ў сацыяльным адпачынку па доглядзе за дзецьмі. Дзяцей у яе сямёра.
У следчых з’явілася інфармацыя аб дачыненні падазраванай да здзяйснення яшчэ двух аналагічных злачынстваў, учыненых у двух раёнах Гродзенскай вобласці. З хаты ў вёсцы Зачэпічы Шчучынскага раёна ў 54-гадовай пенсіянеркі былі выкрадзены 920 даляраў ЗША, 50 рублёў, 5 залатых вырабаў і 2 залатыя манеты. А з хаты ў вёсцы Лаўрыновічы Свіслацкага раёна ў 90-гадовай жанчыны скралі 50 рублёў, паведамляе СК.
Акрамя таго, устаноўлена дачыненне жанчыны да спробы завалодання шляхам падману 350 рублямі 79-гадовага пенсіянера з вёсцы Франкова Зэльвенскага раёна. Падазраваная распавядала ахвяры, што нібыта займаецца страхаваннем. Цяпер жанчыну вінавацяць у махлярстве.
Улічваючы, што на ўтрыманні ў падазраванай знаходзяцца сямёра дзяцей, мера стрымання ў дачыненні да яе не абіралася.