Фота, дзе пара людзей з косамі плыве па рацэ на лодцы сярод свежаскошанай расліннасці, выклала на сваёй старонцы ў Facebook «Радыё Свабода».

Пабачыўшы фота, каментатары кінуліся спаборнічаць у дасціпнасці: адны выказалі здагадку, што такім чынам у Беларусі здабываюць марскую капусту, іншыя — што так у нас «дажынаюць» рыс.

Зялёны партал разабраўся, навошта косяць траву ў рацэ Дубравінка ў Магілёве і ці сапраўды гэта такі ўжо абсурднаы занятак.

«Гэта чыстка ракі»

У Цэнтральным навукова-даследчым інстытуце комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў каментаваць здымак адмовіліся, бо «паміж рэальнасцю і фатаграфіяй можа ляжаць вялікая розніца».

А ў Магілёўскай гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Зялёнаму парталу сказалі, што такім чынам супрацоўнікі Магілёўзялянбуда чысцяць раку, і парэкамендавалі звяртацца па больш падрабязныя тлумачэнні ў гэтую арганізацыю. Аднак у мясцовым Зялянбудзе праз занятасць супрацоўніка, які адказвае за добраўпарадкаванне, аператыўна атрымаць каментар не ўдалося.

Можа, так і трэба?

Можна меркаваць, што такім чынам супрацоўнік Магілёўзялянбуда змагаецца з эўтрафікацыяй, або цвіценнем вады. Яно адбываецца з-за вялікай канцэнтрацыі біягенных элементаў. З-за іх празмернасці змяняецца ўся экасістэма, колькасць кіслароду ў вадаёме істотна зніжаецца, ад чаго ў выніку гіне фаўна.

Эўтрафікацыя можа быць выклікана як старэннем вадаёма, так і антрапагеннымі фактарамі, напрыклад, трапляннем угнаенняў у ваду. Асноўныя хімічныя элементы, якія ёй спрыяюць, — фосфар і азот. Адным з этапаў эўтрафікацыі якраз з'яўляецца зарастанне вадаёма багавіннем.

«Гэта мартышчына праца»

Аднак эколаг і рэгіянальны каардынатар экаруху «Зялёны дазор» Ігар Пастухоў мяркуе, што справа тут не ў барацьбе за чысціню ракі. Тым больш што эўтрафікацыі, паводле яго слоў, спрыяе ў першую чаргу размнажэнне сіне-зялёных водарасцяў, ніжэйшых раслін, а не звыклых нам гарлачыкаў, аеру і чароту.

— Магчыма, на фота мы бачым банальнае засваенне грошай на ачыстку вадаёма, закладзеных у бюджэт горада на гэтыя мэты. Гэта значыць, вадаём не зарос, а грошы выдзеленыя трэба асвоіць, вось і ствараецца бачнасць. Сажалкі чысцяць не так. Гэта складана. Часам іх чысцяць граблямі, калі сажалка невялікая, але гэта таксама мартышчына праца. Касіць багавінне — гэта як складным нажом калоць дровы, як касіць траву трымерам у студзені, — кажа эколаг.

Ён упэўнены, што ў дадзеным выпадку на фота не відаць зарастання, таму лепшае, што можна было зрабіць, — гэта не рабіць нічога.

— Рака — гэта экасістэма, і водныя расліны ў ёй відавочна не лішнія, — тлумачыць эксперт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0