Цэнтр стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў, які ўзначальваюць палітолагі Юрый Царык і Арсень Сівіцкі, выпусцілі новы даклад. Ён прысвечаны падзеям палітычнага крызісу лютага-сакавіка 2017 года.

«Беларусь перажыла найбуйнейшы палітычны крызіс з часу трагічных падзеяў канца 2010 — першай паловы 2011 гадоў. Дадзены крызіс уключаў сацыяльныя пратэсты, рэпрэсіўныя меры беларускіх уладаў, абвастрэнне супярэчнасцяў у беларуска-расейскіх адносінах і шэраг іншых падзей. На піку крызісу — з 20 да 26 сакавіка — ён набыў такі маштаб, што ўзнікла рэальная пагроза не толькі падрыву працэсу нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і Захадам, але і, што яшчэ больш важна, пагаршэння адносін з краінамі-суседкамі», — пачынаецца даклад.

«У сілу асаблівасцяў падзей у замежных партнёраў паўсталі цалкам абгрунтаваныя сумневы ў здольнасці беларускага кіраўніцтва працягваць рэалізоўваць незалежную замежную, абаронную і ўнутраную палітыку», — адзначаюць аўтары.

Царык і Сівіцкі лічаць, што «непрафесіяналізм дзеянняў супрацоўнікаў МУС стаў магутным стымулам для далейшага росту пратэстных выступаў».

На думку аўтараў, немалаважным з’яўляецца тое, што крызіс адбываўся на фоне «беспрэцэдэнтнага пагаршэння» беларуска-расійскіх адносін. Аналітыкі мяркуюць, што беларускі бок, у адрозненне ад расійскага, не быў гатовы да такога супрацьстаяння.

Пры гэтым аўтары прызнаюць, што «прамых вычарпальных доказаў» ролі Масквы ў веснавых падзеях няма. «Тым не менш, улічваючы ўсю сукупнасць абставінаў, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што арганізатары пратэстаў, як мінімум, цалкам ўсведамлялі тую выгаду, якую атрымліваў расійскі бок ад гэтых падзей», — мяркуюць яны.

Асноўнай прычынай таго, што палітычны крызіс увогуле змог адбыцца ў Беларусі, Царык і Сівіцкі называюць кепскую працу сацыялагічных службаў, выведкі і палітычнага вышуку. Маўляў, усе яны прапусцілі нарастанне незадаволенасці дзеяннямі ўладаў. Як немалаважным праколам называецца знаходжанне Аляксандра Лукашэнкі на запланаваным адпачынку ў Сочы, калі акцыі пратэсту супраць Дэкрэту №3 толькі пачыналі набіраць абарот.

Вялікая частка даклада прысвечаная непрафесіяналізму ці нават «мэтанакіраваным правакацыям» з боку сілавых структур. Напрыклад, выпадак з нападам на лагер абаронцаў Курапатаў у лютым. Аўтары даклада не выключаюць, што за гэтым маглі стаяць людзі з сілавога блока: «Калі гэта адпавядае рэальнасці, то гэтыя падзеі прадстаўляюць сабой прыклад свядомага ўзнаўлення ў Беларусі практык, якія прывялі да разбурэння міру і тэрытарыяльнай цэласнасці ва Украіне (выкарыстанне так званых «цітушак»)».

Вельмі слабай названая праца не толькі сілавога блока, але і інфармацыйнага. На думку экспертаў, дзяржаўныя СМІ не далі рады асвятленню Дэкрэту №3. Яны сталі працаваць у канфрантацыйным ключы, замест таго каб спрабаваць неяк залагодзіць гэтую сітуацыю.

«Дадзеныя, якія ляглі ў аснову сюжэтаў на тэлебачанні, былі прадастаўленыя Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. Найхутчэй, яны папярэдне былі дакладзеныя кіраўніку дзяржавы. Як паказвае аналіз, дапушчэнні, заяўленыя ў сюжэтах дзяржаўных СМІ, не падмацаваныя фактычнымі дадзенымі, а ў шэрагу выпадкаў супярэчаць ім (у прыватнасці, дакладна вядома, што бягучае фінансавае становішча А.Сманцара не дазваляе яму фінансаваць хоць якую маштабную палітычную дзейнасць», — гаворыцца ў дакладзе.

Царык і Сівіцкі прамым тэкстам пішуць, што, напрыклад, прарыў джыпам украінска-беларускай мяжы быў падобны да «пастановачнай правакацыі саміх сілавых структур».

Увогуле эксперты мяркуюць, што спецслужбы «навязвалі» Лукашэнку карціну падзей, якая паўтарае фармулёўкі расійскай прапаганды.

«У цэлым, у аснове інфармацыйнай карціны, прыведзенай падчас крызісу сакавіка 2017 года ў Беларусі, ляжаць ацэнкі расійскіх спецслужбаў вайскова-палітычнай сітуацыі ўнутры і вакол Беларусі, а таксама «майданныя наратывы», спецыяльна апублікаваныя і шырока растыражаваныя ў расійскіх СМІ і сацыяльных сетках з мэтай стварэння інфармацыйнага прыкрыцця і падрыхтоўкі расійскага і беларускага грамадства да магчымага пагаршэння беларуска-расійскіх адносін і паўтору «ўкраінскага сцэнара» ў Беларусі. З яе лагічна выцякае неабходнасць вайскова-палітычнага ўмяшання Расіі ва ўнутраныя справы Беларусі з мэтай процідзеяння падобнаму развіццю падзей. Супрацьдзеянне «каляровым рэвалюцыям» у краінах АДКБ цяпер заяўленае Крамлём у якасці аднаго з галоўных прыярытэтаў замежнай і бяспекавай палітыкі Расіі», — пішуць эксперты.

Значная частка даклада прысвечаная так званай справе «Белага легіёна». Маўляў, адразу пасля падзей у Крыме і усходзе Украіны кіраўніцтвам краіны была дадзеная каманда сілавікам распрацаваць канцэпцыі па супрацьстаянні «зялёным чалавечкам». У адным з сілавых ведамстваў нарадзілася ідэя «шэрых чалавечкаў», якія павінны ў выпадку чаго ўступіць у бой з агрэсарамі.

У ролі «шэрых чалавечкаў» разглядаўся «Белы легіён». Аднак вярбоўка ўдзельнікаў «Белага легіёна» прайшла няўдала, мабыць, менавіта таму яны апынуліся за кратамі. Царык і Сівіцкі лічаць, што спецслужбы вялі двайную гульню. Не толькі выконваючы распараджэнне кіраўніцтва краіны, але і падыгрываючы расійскаму боку, ствараючы тым самым беларускі аналаг «Правага сектара».

«Значнасць дэзынфармацыі, здзейсненай (свядома ці не) беларускімі спецслужбамі падчас крызісу сакавіка-2017, цяжка пераацаніць», — мяркуюць аналітыкі.

«Адкрыта нізкая якасць укінутай інфармацыі, неспрыяльнасць крыніц, відавочная неабгрунтаванасць і надуманасць версій, а таксама іх безальтэрнатыўнасць стварылі падставы для таго, каб інтэрпрэтаваць гэтыя інфармацыйныя ўкіды як дзеянні расійскіх агентаў у сілавых структурах Беларусі па стварэнні інфармацыйнага фону (прыкрыцця) для рэалізацыі планаў па дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне актывамі, якія знаходзяцца пад кантролем Масквы», — прыходзяць да высновы эксперты.

Царык і Сівіцкі пішуць, што дзейнасць КДБ і МУС за адведзены перыяд патрабуе «спецыяльнага вывучэння і ацэнкі». Тая ж Адміністрацыя прэзідэнта паказала сваю недзеяздольнасць па прычыне рэарганізацыі.

Што прапануюць аналітыкі?

«Тэрмінова патрабуецца змяніць парадак інфармавання кіраўніка дзяржавы аб бягучых падзеях, у тым ліку — у крызісных сітуацыях, каб выключыць штучнае нагнятанне напружанасці, як гэта адбылося 20—21 сакавіка 2017 года і ў наступныя некалькі дзён», — раяць яны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?