Расіяне змогуць уехаць ва Украіну толькі па біяметрычным пашпарце і папярэдне запоўніўшы анкету на сайце МЗС. Пра меры, якія ў бліжэйшы час прыме ўрад Украіны, піша «Коммерсантъ» са спасылкай на крыніцы ў Кіеве.

Суразмоўца выдання, блізкі да МЗС Украіны, распавёў, што ў анкеце расіянін павінен будзе пазначыць даныя пра сябе, у тым ліку прафесію і месца працы, а таксама дакладную мэту паездкі і населеныя пункты, якія ён плануе наведаць. Пра свой прыезд трэба будзе паведаміць за месяц, за выключэннем экстранных выпадкаў — хвароба ці смерць сваяка. Па словах крыніцы выдання, анкета павінна быць запоўненая на ўкраінскай альбо англійскай мове.

«Галоўная прычына, чаму Кіеў не стаў уводзіць візавы рэжым, — боязь за ўкраінскіх грамадзян, якія засталіся ў Крыме», — патлумачыў газеце намеснік міністра па пытаннях часова акупаваных тэрыторый і ўнутрана перамешчаных асоб Юрый Грымчак.

Менавіта гэты довад стаў вырашальным і прымусіў змякчыць пазіцыю прыхільнікаў Аляксандра Турчынава, які выступаў за візавы рэжым з Расіяй. Крыніцы выдання распавядаюць, што рашэнне аб змене рэжыму ўезду будзе прынятае не парламентам, а ўрадам. «Не выключана, што яшчэ да 1 верасня», — кажа суразмоўца «Коммерсанта».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0