На мінулым тыдні падчас наведвання гаспадарак у Шклоўскім і Аршанскім раёнах Аляксандр Лукашэнка расказаў, як у дзяцінстве разам з малодшым стрыечным братам працаваў на полі, піша Tut.by.

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

«А потым ужо я сам абганяў бульбу (гэта другое ўражанне), а малодшы стрыечны брат вадзіў каня. Ён быў меншы за мяне ростам, і яму ўвесь час трэба было ісці, трымаючы рукі ўгору, — каня весці», — падзяліўся ўспамінамі ён.

У аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна, адкуль Лукашэнка родам, у сярэдняй школе ёсць краязнаўчы музей, у музеі — некалькі стэндаў, прысвечаных яе вучню Аляксандру Лукашэнку. Але там таксама не ведаюць, як завуць малодшага стрыечнага брата кіраўніка дзяржавы, з якім ён мог абганяць бульбу.

— У нас такіх звестак няма, нават фатаграфій такіх няма. Ёсць пра школьныя гады прэзідэнта, студэнцкія… Толькі калі з настаўнікамі пагаварыць, — адзначаюць там.

Таццяна Мікалаеўна Карпечанка, настаўніца Аляксандра Лукашэнкі, сапраўды, памятае больш за іншых. Яна распавядае, што ў Кацярыны Трафімаўны Лукашэнка было чатыры сястры — Ганна, Марыя, Вера, Агрыпіна — і адзін брат Фёдар. І вось у Марыі ёсць сын, які па ўзросце даводзіцца беларускаму кіраўніку малодшым стрыечным братам.

Яе словы пацвярджаюць і іншыя мясцовыя жыхары. Кажуць, што завуць малодшага стрыечнага брата Васіль, цяпер ён на пенсіі і, па іх словах, жыве ў Маскве. А ў дзяцінстве жыў у доме разам з Аляксандрам Лукашэнкам і яго маці, і хадзіў у тую ж Александрыйскую школу, што і кіраўнік дзяржавы. Хутчэй за ўсё, з ім і мог Аляксандр Лукашэнка працаваць на полі, мяркуюць суразмоўцы.

— Сюды ён прыязджаў, наведваў цётку Ганну. І вучыўся ў нас у школе, таму быў тут, хоць і не часта, — успамінае Таццяна Мікалаеўна пра сына Марыі.

Пра Васіля і Аляксандра Лукашэнкаў распавядаюць, што яны ў дзяцінстве «заўсёды паводзілі сябе годна, ніколі не хуліганілі».

Па словах мясцовых, Марыя, маці Васіля, таксама жыве ў Расіі — ці ў Падмаскоўі, ці ў самой Маскве.

Суразмоўцы заўважаюць, што ў Ганны Трафімаўны дзяцей не было, у Веры Трафімаўны — таксама. На радзіме Лукашэнкі кажуць, што яна жыла ў Мінску і памерла маладой. У Фёдара было трое дзяцей, яшчэ жывая дачка. У Агрыпіны было восем дзяцей: тры браты памерлі, а чатыры сястры і яшчэ адзін брат жывыя.

Нагадаем, што сам Лукашэнка раней распавядаў пра свае ўкраінскія карані. «Украінская зямля для мяне не чужая», — казаў ён прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку. «Тут зусім побач, паміж Кіевам і Чарнігавам, закапаныя і карані маіх продкаў», — адзначаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0