Жыхарка Драгічына падазраецца ў наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання сваёй трохгадовай дачцэ.

Як паведамілі БелаПАН у Драгічынскім РАУС, у дачыненні да 27‑гадовай жанчыны следчым аддзяленнем распачата справа па ч. 1. арт. 147 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання).

1 верасня ў 21.10 у Драгічынскі РАУС паступіла паведамленне з раённай бальніцы, што да іх з пранікаючым колата‑рэзаным раненнем грудной клеткі справа, пашкоджаннем правага лёгкага дастаўлена са свайго дома трохгадовая дзяўчынка.

Следча‑аператыўнай групай устаноўлена, што гэтыя цялесныя пашкоджанні каля 20.00, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, прычыніла нажом маці дзіцяці. Як яна расказала супрацоўнікам міліцыі, гэта адбылося пасля сваркі з мужам, прычыну свайго ўчынку жанчына растлумачыць не можа.

Дзяўчынка знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні бальніцы. Медыкі ацэньваюць яе стан як сярэдняй цяжкасці, які не выклікае апасенняў.

Сям’я не знаходзілася на ўліку ў міліцыі як непаспяховая. Жанчына знаходзіцца ў адпачынку для догляду дзіця — сына 2007 года нараджэння. Праводзіцца расследаванне.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0