Польшча павялічвае ваенны бюджэт і вылучае на мадэрнізацыю арміі ў бліжэйшыя 15 гадоў дадатковыя 200 млрд злотых (55 млрд даляраў) для «стрымлівання растучай расійскай агрэсіі». Пра гэта паведамляюць інфармагенцтвы са спасылкай на заяву намесніка міністра абароны краіны Томаша Шаткоўскага, якую прыводзіць Reuters.
Reuters
Паводле яго слоў, урад ухваліў адпаведную папраўку, якая дазволіць павялічыць ваенныя выдаткі на бліжэйшыя 15 гадоў і наблізіць іх да 2,5% ад ВУП. Гэта больш, чым пазначаныя на саміце НАТА ў Ньюпарце 2% ВУП. Гэта азначае, тлумачыць Reuters, што да 2032 годзе штогадовыя выдаткі амаль падвояцца і складуць каля 80 млрд злотых.
Заканадаўчая прапанова міністра нацыянальнай абароны Антонія Мацярэвіча, якая была прынятая Радай міністраў, унесеная ў Сейм пры грамадскай падтрымцы гэтай ініцыятывы прэзідэнта, распавёў намеснік міністра абароны выданню Rzeczpospolita.
Па словах Шаткоўскага, яно прадугледжвае павелічэнне выдаткаў на 2,5% ад ВУП у 2030 годзе. «Базавага ўзроўню — 2,1% ад ВУП мы дасягнем ў 2020 годзе, выдаткі будуць паступова павялічвацца на працягу бліжэйшых некалькіх гадоў», — сказаў ён.
У наступным годзе на ўзброеныя сілы будзе выдаткавана на два мільярды злотых больш, чым планавалася. «Агулам гэта прыкладна на чатыры мільярды больш, чым сёлета», — адзначыў ён.
«Мы ацанілі не толькі кошт тэхнічнага абнаўлення, але і выкарыстанне абсталявання, навучанне, запасы і выдаткі на персанал. Гэтыя выдаткі не ўключаюць у сябе выдаткі на ваенную адукацыю, ахову здароўя або інфраструктуру, якія ўключаныя ў іншую частку бюджэтнага прагнозу», — удакладніў намеснік міністра.
Мадэрнізацыя неабходная, бо амаль дзве траціны ўзбраенняў датуецца савецкай эпохай, калі краіна знаходзілася ў Варшаўскім дагаворы. У планах павялічыць асабовы склад сухапутных сіл і закупіць узбраенні, якія адпавядаюць стандартам НАТА. У той жа час фінансаванне флоту скарачаецца, адкладзеная закупка шматфункцыянальных фрэгатаў для ВМС.