Міністр адукацыі Ігар Карпенка сёння на пленарным пасяджэнні Рэспубліканскай педагагічнай нарады раскрытыкаваў гімназічную адукацыю за неабгрунтаваную элітарнасць.

Сёння на практыцы навучанне ў гімназіі — гэта не выбар вучня, а, хутчэй, амбіцыі бацькоў, заўважыў міністр. У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю, калі вучань не паступіў у гімназію, здаўшы экзамены на дзевяць балаў. На думку Ігара Карпенкі, такі стрэс нічым не апраўданы. «Агульнаадукацыйная школа мае такое ж права, як і гімназія, ліцэй на выяўленне і далейшае навучанне адораных і матываваных навучэнцаў. Сумесна з педагогамі-практыкамі неабходна выпрацаваць крытэрыі такога адбору», — сказаў міністр. Паводле яго слоў, гэта будзе адпавядаць прынцыпам сацыяльнай справядлівасці і роўнадаступнай агульнай сярэдняй адукацыі ў процівагу элітарнасці гімназічнай адукацыі.

Міністр лічыць, што трэба зрабіць больш жорсткім патрабаванні да якасці адукацыі ў гімназіях з улікам прафілізацыі. «Яе варта звязваць не з уступнымі выпрабаваннямі ў пяты клас гімназіі, а са свядомым выбарам школьнікам прафесіі. А гэта магчыма ў старэйшым узросце», — адзначыў Ігар Карпенка.

У цэлым цяперашнюю структуру сістэмы адукацыі неабходна ўпарадкаваць. Так, у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуе 15 відаў устаноў. Пры гэтым асаблівую ўвагу міністэрства засяроджана на гімназіях, з 210 на слыху некалькі дзясяткаў, расказаў міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?