Мінімальнай задачай беларускіх футбалістаў у кваліфікацыі да чэмпіянату сьвету‑2010 зьяўляецца 3‑е месца ў сваёй адборачнай групе.
А задача‑максімум — першае месца.
Пра гэта заявіў на прэс‑канфэрэнцыі галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе Бэрнд Штанге, які падзяліўся з журналістамі падрабязнасьцямі падрыхтоўкі да старту ў адборачным цыкле.
Нагадаем, што супернікамі беларусаў па групе будуць зборныя Англіі, Харватыі, Украіны, Казахстану і Андоры.
Першы матч беларусы правядуць 6 верасьня ў Львове супраць Украіны (трансьляцыя а 20‑й на канале ОНТ). 10 верасьня матч у гасьцях з Андорай,
а 15 кастрычніка ў Менску гульня са зборнай Англіі.
«Гульцы прыбылі [у Менск рыхтавацца да матчу з Украінай -- НН] без траўмаў, і мы настроены вельмі аптымістычна перад стартам адборачнага турніру.
Сёньня старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Генадзь Нявыглас паставіў перад зборнай мінімальную задачу: заняць 3‑е месца ў адбочнай групе.Наша максімальная задача — 1‑е месца, для чаго трэба пакінуць за сьпінай адразу трох супернікаў, якія заўважна нас перазыходзяць у сусьветным рэйтынгу: Англію, Харватыю і Украіну. Гульцы будуць старацца зрабіць усё магчымае. Але за 30 год трэнерскага стажу я зразумеў, што ў футболе не існуе такога ліфту, зайшоўшы ў які можна было б адразу апынуцца ан вяршыні. Трэба ўздымацца, пераадольваючы прыступку за прыступкай», — сказаў Бэрнд Штанге.
У сувязі з гэтым галоўны трэнер выказаў падзяку кіраўніцтву Беларускай фэдэрацыі футболу, якая «рэальна ацэньвае становішча рэчаў, ставячы мінімальнай задачай трэцяе месца ў групе».