«Рэспубліканскі педсавет» — гэта правільна? Мой дзед з-пад Баранавіч ніколі не казаў «савет», «пасаветаваць». Казаў «рада», «раіць». А другі дзед, з-пад Берасця, казаў «рада», «радзіць», — напісаў «Нашай Ніве» чытач Васіль Астрэйка.

Сапраўды, на добрай беларускай мове правільна гаварыць «раіць», «радзіць» (гэта варыянты-сінонімы). Адпаведна, і слова «рада», «парада» ў значэнні «падказка, навучанне, як паступіць, як зрабіць». А расейскае слова «совет» у значэнні «сход», «абмеркаванне» па-беларуску будзе «рада» або «нарада».

Слова «савет» на добрай беларускай мове варта ўжываць толькі ў значэнні «орган савецкай улады». Лепш пісаць: Рада бяспекі, рада дырэктараў, педагагічная нарада, дайце параду, але Вярхоўны Савет БССР.

На добрай беларускай мове найлепш было б сказаць «педагагічная нарада», «педнарада». У той жа момант савецкага часу слоўнік Крапівы фіксуе і варыянт «педсавет». Гэта такі саветызм у беларускай мове.

Зрэшты, корань «савет-» беларускай мове не чужы. Калі зірнём Атлас беларускіх народных гаворак, то словы «саветаваць» і «савет» таксама фіксаваліся ў добрай палове пунктаў, нароўні з «радзіць» і «рада».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0