24.08.2017 / 17:50

Хлопцы з Віцебска, якія абвінавацілі АМАП у збіцці, аштрафаваныя 13

Хлопцы, якія абвінавацілі віцебскі АМАП у збіцці, атрымалі штрафы ад 5 да 15 базавых велічынь. Такое рашэнне вынес 24 жніўня суд Першамайскага раёна абласнога цэнтра. Працэс па гэтай адміністратыўнай справе пад старшынствам суддзі Наталлі Караблінай ішоў з перапынкамі з 8 жніўня, піша Tut.by.

Двое мужчын — Уладзіслаў Каваленка і Сяргей Пруднікаў — аштрафаваныя на 5 базавых велічынь (115 рублёў). Яшчэ трое — Уладзімір Ягораў, Сяргей Гарэлікаў і Дзмітрый Рыбакоў — павінны будуць выплаціць па 15 базавых велічынь кожны (345 рублёў).

Па словах міліцыянтаў, якія выступілі на судзе сведкамі, Каваленка і Пруднікаў не аказвалі супраціву пры затрыманні, самі селі ў службовую машыну, каб ехаць на медыцынскі агляд, а затым у РАУС. Гэтых мужчын абвінавацілі па артыкуле 17.1 КоАП (Дробнае хуліганства).

Ягораву, Гарэлікаву і Рыбакову інкрымінавалі яшчэ і непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі (арт 23.4 КоАП). Па сцвярджэнні работнікаў АМАП, Ягораў, Рыбакоў і Гарэлікаў не падпарадкоўваліся іх патрабаванням: «гучна лаяліся матам», станавіліся «ў баявую стойку», «размахвалі рукамі». Таму, як сведчылі на судзе амапаўцы, да гэтых хлопцаў яны вымушаныя былі ўжыць фізічную сілу і спецсродкі — газавы балончык, гумовую палку і кайданкі.

Нагадаем, інцыдэнт, які разглядаў суд, адбыўся каля трох гадзін ночы з 26 на 27 ліпеня на ўскраіне Віцебска — каля прыпынку грамадскага транспарту ў раёне рачнога порта. Тут знаходзілася кампанія з пяцярых хлопцаў — Гарэлікава, Ягорава, Рыбакова, Пруднікава, Каваленкі. Яны стаялі каля машыны, з салона якой гучала музыка. Пачуўшы яе, да кампаніі пад'ехаў нарад міліцыі.

Гэта адзіныя факты, у якіх сыходзяцца абодва бакі — і пяцёра сяброў, і міліцыянты, якія іх затрымлівалі. Далейшыя паказанні разыходзяцца. У корані адрозніваюцца тры моманты.

Першы. Кампанія не хавае, што сярод пяцярых быў цвярозы толькі адзін — Сяргей Гарэлікаў, кіроўца машыны, якая належыць Сяргею Пруднікаву. Але хлопцы сцвярджаюць, што яны пілі піва да таго, як да іх пад'ехала міліцыя. Гэта адбылося ў бары «Карчага». Затым, пасля закрыцця ўстановы, яны прыехалі на ўскраіну Віцебска, дзе проста слухалі музыку і спіртное не ўжывалі. Але міліцыянты «прыпісалі» ім чужыя кубачкі, якія, па словах сяброў, валяліся на прыпынку.

Па словах міліцыянтаў, у момант іх прыезду хлопцы трымалі ў руках пластыкавыя кубачкі, а адзін з іх — бутэльку.

Другі. Сябры сцвярджаюць, што месца, якое яны выбралі для адпачынку і праслухоўвання музыкі, — бязлюднае. Амапаўцы ж кажуць, што паблізу ад прыпынку, метрах у 50, на вуліцы Максіма Горкага стаіць жылы дом.

Трэці. Удзельнікі кампаніі распавялі на судзе, што міліцыя зрабіла жорсткае затрыманне. Паводле выразу Сяргея Гарэлікава і Уладзіміра Ягорава, іх «задзьмулі» балончыкам, збілі дубінкамі. Гарэлікаў здымаў усё, што адбываецца, на відэа ў сваім мабільным, таму гаджэт забралі, відэа выдалілі, а тэлефон разбілі.

Ягораву, па яго словах, амапаўцы зламалі руку. У суд ён падаў даведку ад лекара з дыягназам «пералом локцевай косткі». Акрамя таго, Уладзімір сцвярджае, што на руцэ ў яго быў след ад міліцэйскага берца. Фатаграфія з гэтым следам захавалася ў тэлефоне аднаго з удзельнікаў кампаніі — Уладзіслава Каваленкі. Каваленка паказваў гэты здымак суддзі на працэсе.

Сляды ад дубінак на сваіх тварах і целе Сяргей Гарэлікаў і Уладзімір Ягораў выклалі ў інтэрнэт. Яны шырока разышліся па сацыяльных сетках і сайтах. Маладыя людзі таксама знялі пабоі і звярнуліся з заявамі ў УУС аблвыканкама і Следчы камітэт, абвінаваціўшы супрацоўнікаў АМАП у збіцці.

Сілавікі на судзе патлумачылі, што яны «спрабавалі знайсці паразуменне з дадзенымі грамадзянамі», прасілі іх выключыць музыку і з'ехаць дадому. Але хлопцы працягвалі лаяцца матам, паводзілі сябе агрэсіўна, спрабавалі біцца, хапалі іх за форменную вопратку. Тады прыйшлося выклікаць падмацаванне. Пасля чаго, пасля неаднаразовых папярэджанняў, да Ягорава, Рыбакова і Гарэлікава прыйшлося ўжыць дубінкі, газ і кайданкі.

Але пры гэтым міліцыянты сцвярджалі, што яны «дзейнічалі толькі ў адпаведнасці з законам». І акцэнтавалі ўвагу суда на тым, што ўсе сілавыя дзеянні яны здзяйснялі толькі пасля «неаднаразовых папярэджанняў».

Гарэлікаў, Ягораў, Пруднікаў і Каваленка паведамілі, што яны маюць намер абскардзіць рашэнне суда.

0
Юрась Беларус / Адказаць
24.08.2017 / 18:15
Няма даверу "праваахоўным органам " Беларусі. На сёння дыскрэдытавалі сябе поўнасцю. Таму лічу віну хлопцаў недаказанай, а, значыць, іх невінаватымі. Кропка. 
0
ElMak / Адказаць
24.08.2017 / 18:30
Это урок от господствующего быдла, чтобы потом у других не было желания у холопов на царских опричников жаловаться.
2
небыЯкаў / Адказаць
24.08.2017 / 19:14
Хто вінаваты ўсе тут зразумела. Ужо адно тое што расхвасталі відыядоказы, гаворыць аб тым. Палітыка судоў у "справядлівым гасударстве" гэтаж генацыд супроць народу. Калі толькі дзе замараюцца "блюсціцелі парадку", то ў судзе яны непрыкасаемыя. Пачапіць гэтым адмарозкам відэарэгістратары на лоб, і без відэа неверыць ні аднаму іх слову. Па сутнасці нічога складанага ў гэтым няма, тлькі прапісаць у законе. Вось тады можна будзе давяраць працы нашае міліцыі. А так Шуневіч скардзіцца, што паклепнічаюць на яго ведамства, а крокаў дзеля справядлівасці не робіцца, толькі репрэсіі каб баяліся.
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру